Жыхары Брэста дамагаюцца ад уладаў вырашэння транспартных праблем
Тры тысячы подпісаў за паляпшэнне ўмоў веласіпеднага руху і вырашэнне транспартных праблем перададзены ў Брэсцкі гарвыканкам актывістамі грамадскай кампаніі “За вела-Брэст”.
Збор подпісаў цягнуўся толькі дзесяць дзён, але жыхары горада даволі прыязна ставілся да ініцыятывы актывістаў, бо яна ўтрымлівае канкрэтныя дзеянні, што маглі б спрыяць паляпшэнню сітуацыі на брэсцкіх дарогах. Як адзначыў кіраўнік кампаніі “За вела-Брэст” Уладзімір Красько, таксама станоўча адрэагавалі на першыя прапановы і прадстаўнікі ўладаў, але пакуль невядома, якія захады будзе рабіць гарвыканкам, каб транспартныя праблемы Брэста сапраўды вырашаліся. Адказ з гарвыканкаму трэба чакаць прыблізна праз месяц.
Самі актывісты грамадскай кампаніі прапануюць арганізаваць агульную сустрэчу як з прадстаўнікамі гарвыканкама, так і супрацоўнікамі ДАІ, і каб на гэтае мерапрыемства маглі трапіць прыхільнікі веласіпеднага руху і ўсе зацікаўленыя асобы.