Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі АГП атрымаў папярэджанне ад пракуратуры
Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў атрымаў афіцыйнае папярэджанне ад пракуратуры Ленінскага раёна Магілёва.
Пракуратура папярэджвае палітычнага дзеяча аб недапушчальнасці падрыхтоўкі здзяйснення дзеянняў, якія парушаюць нормы беларускага заканадаўства “Аб масавых мерапрыемствах Рэспублікі Беларусь”.
У выпадку парушэння гэтага заканадаўства Уладзімір Шанцаў можа быць прыцягнуты да ўстаноўленай законам адказнасці. У выпадку нязгоды з дадзеным папярэджаннем яго можна абскардзіць у вышэйстаячай пракуратуры.
Уладзімір Шанцаў адзначае, што папярэджанне падпісана пракурорам Снітковым.
“У папярэджанні гаворыцца, што пракуратура валодае дакументамі, якія сведчаць аб тым, што на арганізацыю Народнага сходу, на які распаўсюджваецца закон “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”, на іх думку, гэты закон не распаўсюджваецца. Нас хочуць падвесці пад тое, што для правядзення такога мерапрыемства неабходна падаваць заяўку на дазвол у мясцовы гарвыканкам. Улада спрабуе сарваць правядзенне Народнага сходу ў Магілёве”, - гаворыць Уладзімір Шанцаў.
Кіраўнік абласной арганізацыі АГП адзначае, што будзе абскарджваць папярэджанне раённай пракуратуры.
Нагадаем, што Уладзімір Шанцаў з’яўляецца адным з сябраў аргкамітэту па правядзенні Народнага сходу ў Магілёве.