Дэпартамент выканання пакаранняў не задаволіў скаргу Крысціны Шацікавай
Актывістка грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Крысціна Шацікава атрымала адказ з дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёву і Магілёўскай вобласці з нагоды яе скаргі ў кнігу скаргаў і прапановаў у Шклоўскай калоніі.
Нагадаем, што 9 верасня Крысціна Шацікава прыехала ў калонію, каб паразмаўляць з яе начальнікам спадаром Ярмаліцкім з нагоды ўмоваў утрымання экс-кандыдата ў Прэзідэнты Міколы Статкевіча, аднак, туды яе не пусцілі.
“У калоніі мне сказалі, што сёння не прыёмны дзень і прыём грамадзянаў начальнік калоніі здзяйсняе выключна ў панядзелак, - расказвае Крысціна Шацікава. - Аднак, у абвестках я бачыла, што ў калоніі кожны дзень ёсць адказныя асобы, якія прымаюць грамадзянаў”.
“Адказ дэпартамента выканання пакаранняў я буду абскарджваць, бо цалкам з ім нязгодная. Апроч таго я доўга і ўпарта прасіла даць мне кнігу скаргаў і прапановаў. Мне яе вынеслі, аднак за межы калоніі і я была вымушана ўпісваць у яе скаргу ледзь не седзячы на каленках”, - працягвае Крысціна.
Крысціна Шацікава адзначае, што яна прыслухалася да інфармацыі аб тым, што прыёмны дзень для грамадзянаў панядзелак і мае навер нанесці візіт начальніку калоніі ў наступны панядзелак.