Працягваецца пераслед гомельскага актывіста Кастуся Жукоўскага
6 кастрычніка вызваліўся з ІЧУ пасля адбыцця пакарання тэрмінам 15 сутак гомельскі актывіст апазіцыі Кастусь Жукоўскі. Прычым увесь тэрмін пакарання ён трымаў галадоўку, а вярнуўся ў ІЧУ дахаты з паламанай нагой. Актывіст быў затрыманы 21 верасня, на яго раптоўна напалі каля яго дома па вуліцы Кніжнай супрацоўнікі спецназа. Яны збілі актывіста, закінулі ў аўтамабіль і звезлі ў невядомым накірунку. Знявечанага Жукоўскага даставілі ў ІЧУ, а назаўтра судзілі. Сведкамі на судзе выступалі супрацоўнікі спецназа, якія сцвярджалі, што яны толькі хацелі ўручыць позву Жукоўскаму, а той накінуўся на іх, брудна аблаяў, сарваў з іх рацыі і ледзь не пазабіваў. Варта заўважыць, што супрацоўнікаў спецназа было пры затрыманні шэсць чалавек.
Суддзя Марына Домненка пакарала Жукоўскага арыштам – за нібыта брудную лаянку і супраціў міліцыі. Адразу пасля суду актывіста, пасля яго скаргаў, прывезлі ў бальніцу, дзе канстатавалі, што ў яго зламаная нага. Тым не менш, лекары заявілі, што нага ў яго зламаная ўжо даўно. Гэта пры тым, што да затрымання Жукоўскі не скардзіўся на боль у назе, і нідзе не ламаў яе.
Адбываючы пакаранне ў ізалятары, актывіст трымаў галадоўку. Ён напісаў скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёна, каб яму змянілі меру пакарання – арышт, у сувязі з траўмай. Але адказу на сваю заяву ён не атрымаў. Таксама Жукоўскі прасіў пракуратуру разабрацца і прыцягнуць да адказнасці спецназаўцаў, якія яго скалечылі. Не звяртаючы ўвагу на скаргі пацярпелага ад дзеянняў міліцыянераў чалавека, пракуратура ўжо адразу пасля вызвалення актывіста з ізалятара праз міліцыю перадала яму позву на 7 кастрычніка. Імаверна, што выклік у пракуратуру звязаны з Народным сходам, адным з арганізатараў якога з'яўляецца Жукоўскі. Дарэчы, у пракуратуру Савецкага раёна Гомеля выклікаюць 7 кастрычніка яшчэ аднаго арганізатара – Уладзіміра Кацору.