viasna on patreon

Гомель: суд падтрымаў гарвыканкам па скарзе праваабаронцаў

2011 2011-10-06T12:15:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paplauny-sudalienka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка

Праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка

6 кастрычніка суддзя суду Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Шыцікаў адмовіў у задавальненні скарг праваабаронцаў Анатоля Паплаўнага і Леаніда Судаленкі на адмову гарвыканкама ў правядзенні пікетаў у падтрымку арыштаванага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, якія яны планавалі правесці 22 жніўня у найбольш шматлюдных месцах абласнога цэнтру. Пра гэта паведамляе “Гомельская вясна”.

«Жнівеньскі арышт Бяляцкага ўскалыхнуў увесь цівілізаваны свет. Мы збіраліся растлумачыць гэта гамяльчанам і данесці да людзей інфармацыю, якую яны не прачытаюць у дзяржаўных СМІ і не паглядзяць па беларускім тэлебачанні», - патлумачыў А. Паплаўны.

Па словах прадстаўніка Гомельскага гарвыканкама у судзе Паліны Лабанавай, гарвыканкам адмовіў у правядзенні пікетаў на той падставе, што заяўнікі не аплацілі паслугі міліцыі, «хуткай дапамогі» і камунальных службаў, а таксама месцам правядзення пікета вызначылі шматлюдныя месцы Гомеля. Нагадаем, што ў амаль 500-тысячным абласным цэнтры для правядзення масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца не па ініцыятыве ўлады, дазволена толькі адна пляцоўка – каля ДК Беларускага таварыства глухіх «Віпра».

Праваабаронцы лічаць, што як адмова ўладаў, так і само рашэнне гарвыканкама супярэчаць Канстытуцыі і міжнародным прававым актам. На думку Судаленкі, гарадскія ўлады паставілі пад пагрозу сам прынцып права на свабоду правядзення мірных сходаў грамадзян.

«Прымаючы да ўвагі той факт, што мірныя сходы грамадзян з’яўляюцца адной з асноў дзеючай дэмакратыі, а абарона свабоды сходаў неабходная для стварэння талерантнага грамадства, у якім могуць мірна суіснаваць групы з рознымі перакананнямі, нормамі паводзін або прынцыпамі, адмову гарвыканкама лічым недапушчальным абмежаваннем нашых правоў на свабоду выказвання свайго меркавання і правядзення масавых мерапрыемстваў паводле артыкулаў 23, 33 і 35 Канстытуцыі», - пракаментаваў Л. Судаленка.

Праваабаронцы будуць абскарджваць рашэнне суду, паколькі лічаць, што Гомельскі гарвыканкам, які ўжо шмат гадоў адмаўляе грамадскім актывістам праводзіць мірныя сходы грамадзян менавіта кіруючыся сваім жа рашэннем пра неабходнасць заключаць на платнай аснове адпаведныя дамовы, а таксама які накіроўвае жадаючых выказаць пратэст на “Гомельскі Бангалор”, парушае правы кожнага на свабоду правядзення мірных сходаў.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства