У Гомелі пасьля маўклівай акцыі затрымалі траіх
У Гомелі пасьля акцыі маўклівага пратэсту, якая ладзілася
ля фантану побач з цыркам, міліцэйскі спэцназ і людзі ў цывільным
затрымалі траіх — Васіля Такарэнку, Ільлю Мельнікава і Ксеню
Яраслаўцаву. Усяго ў акцыі бралі ўдзел паўтара дзясятка чалавек.
Гамяльчук Зьміцер паведаміў, што пасьля маўклівага стаяньня й гутарак
ля фантану група ўдзельнікаў зайшла ў бістро на Рагачоўскай
вуліцы. І як толькі частка зь маладзёнаў выйшла, іх схапілі
спэцназаўцы й людзі ў цывільным.
Затрыманы Васіль Такарэнка паведаміў па мабільным тэлефоне, што яго, Ільлю
Мельнікава і Ксеню Яраслаўцаву адвезьлі на ў наркалягічны
дыспансэр на вуліцу Дзям’яна Беднага.
Такарэнка: «Ніякіх пратаколаў на мяне не складалі,
бо не было за што. Выглядае, што мінаку ў горадзе нельга
й піва папіць, хаця ў нас няма „сухога закону“. А калі чалавек
выпіў піва, то ён ня можа спакойна прайсьці ад кавярні
да прыпынку — яго схопіць спэцназ».