Слонімскія ўлады спахапіліся пасля суду
У жніўні слонімец Іван Бедка двойчы звяртаўся ў Слонімскі райвыканкам наконт таго, каб яму дазволілі правесці два масавыя мерапрыемствы ў фармаце пікетаў у адведзеным пад гэта ўладамі месцы. Мэта пікетаў, якія планаваліся на 6-га і 14 жніўня, было прыцягненне ўвагі грамадства да праблемы наяўнасці палітвязняў і выказванне пратэсту супраць росту цэн і збяднення беларускага народу. Але, як заўсёды, пікеты не былі дазволены.
Спадар Бедка атрымаў адказ за подпісам старшыні Слонімскага райвыканкама Іосіфа Паўлюкевіча, дзе яму было адмоўлена ў правядзенні пекетавання “ў сувязі з тым, што пададзеная заява не адпавядае патрабаванням, устаноўленым арт. 5 Закона РБ “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
Тады Іван Бедка звярнуўся са скаргай у суд Слонімскага раёна. Ён прасіў суд “абавязаць Слонімскі райвыканкам дазволіць яму правядзенне масавых мерапрыемстваў у фармаце пікетаў у месцы, адведзеным райвыканкамам для правядзення масавых мерапрыемстваў у Слоніме”.
21 верасня адбыўся суд. І, вядома ж, рашэнне суда - не на карысць заяўніка. У адказе сярод некалькі пунктаў значыцца і тое, што ісцец “не назваў месца, у якім ён плануе правядзенне масавых мерапрыемстваў”. Паўстае пытанне: як жа так, калі Іван Бедка чорным па беламу напісаў у заяве, што “ў адведзеным райвыканкамам месцы для правядзення ў Слоніме масавых мерапрыемстваў”.
Ці можа з гэтага вынікаць, што райвыканкам нават не меў такіх месцаў? Яшчэ ў 2002 годзе было рашэнне райвыканкама аб правядзенні мітынгаў і пікетаў на Брэсцкай вуліцы Слоніма. Там была невялікая сцэна і лаўкі, дзе маглі б выступаць і пасядзець людзі. Але гэтага даўно на Брэсцкай вуліцы няма. І ў гэтым месцы ніхто ўжо ніякіх мерапрыемстваў не праводзіць, там толькі выгульваюць сабак і катоў.
Аднак пасля суда, які хоць і прайшоў на карысць чыноўнікаў, а не Івана Бедкі, улады спахапіліся. Раптам 26 верасня на паседжанні Слонімскага райвыканкама тэрмінова было прынята рашэнне пра месца правядзення масавых мерапрыемстваў у Слоніме. У якасці такога месца райвыканкам зацвердзіў гарадскі парк на Опернай вуліцы ў самым цэнтры Слоніма.