Адкрыты ліст Генеральнага сакратара FIDH Алесю Бяляцкаму
Генеральны сакратар Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека (FIDH) і Кіраўнік Праўлення «Інстытута грамадзянскай супольнасці» Арменіі, Артак Кіракасян напісаў адкрыты ліст Алесю Бяляцкаму.
Ніжэй прыводзім поўны тэкст ліста:
“25 жніўня 2011 г
Ерэван
Дарагі Алесь,
Самыя супярэчлівыя пачуцці перапаўнялі мяне з тых часоў,
як я даведаўся летам, якая пагроза навісла над табой, што ўлады Беларусi,
атрымалі "падарунак" з Польшчы і Літвы з інфармацыяй аб рахунках,
звязаных з тваёй праваабарончай дзейнасцю, з дзейнасцю ПЦ "Вясна". Гэта былі і шкадаванне і горыч, што, магчыма, хутка ты апынешся ў
турме, той самай, пра жахлівыя ўмовы ўтрымання ў якой мы з табой разам
атрымлівалі сведчанні падчас нашай нядаўняй паездкі ў Менск, апытваючы
грамадскіх актывістаў і апазіцыянераў, якія ўжо пабывалі там. Гэта і шчымлівае пачуццё несправядлівасці, ад таго, што чалавек, які так
аддана і верна любіць сваю краіну, свой народ і культуру, можа быць здраджаны
«сябрамі» і апынуцца ў засценках гэтай жа самай Радзімы.
Але разам з тым, я адчуваў захапленне тваёй непахіснай, без усялякага адцення паказнога гераізму, мужнасцю. Гатоўнасцю служыць сваёй краіне і прыняць ўдар на сябе, з тым, каб прыцягнуць увагу да таго парадаксальна недальнабачнага і жорсткага рэжыму, які ўсё яшчэ трымаецца ў цэнтры Еўропы, пры папушчальніцтве «дэмакратычных краін» і, вядома, і свайго народа таксама. Кожны праваабаронца трошкі наіўны ў сваіх чаканнях, чакае і патрабуе ад людзей большага, чым яны гатовыя рабіць, чакае ад іх таго, чым яны яшчэ толькі павінны стаць.
Ведаючы аб небяспецы, ты вярнуўся ў Мінск. Ты нават не меркаваў, што магчыма паступіць па іншым.
Вядома, мы спадзяваліся, што пранясе, што ў тых, хто прымае рашэнні ў сённяшняй Беларусi, хопіць элементарнай разважлівасці, каб не пайсці на гэты крок. Хопіць розуму не спрабаваць прыбраць з дарогі таго, хто АДКРЫТА кажа аб праблемах у Беларусі, АДКРЫТА абараняе людзей ад самавольства чыноўнікаў, АДКРЫТА кажа пра хваробы кіруючага рэжыму. Бо даўно вядома, чым сканчаюць рэжымы, якія пазбаўляюць сябе магчымасці чуць праўду, як яны гінуць, нягледзячы на тое, што атачылі сябе сцяной з органаў бяспекі, даносчыкаў і падлізнікаў. Але кожны дыктатар упэўнены, што ён пазбегне лёсу Берыі, Чаўшэску, Піначэта або Садама Хусэйна. На жаль, беларускія ўлады на вачах скатваюцца ў тую ж прорву.
Ты ўжо ў турме. А гэта значыць, што калі рэжым зможа пераварыць і Алеся Бяляцкага – то рэпрэсіўны апарат не спыніцца і пасля ліквідацыі «адкрытых ворагаў», ён пяройдзе да «схаваных ворагаў», бо апарат павінен працаваць і даваць вынікі. Гэта значыць, што апарат будзе слепа хапаць «шэраговых» беларусаў, бо колькасць незадаволеных будзе расці, але адкрыта, як ты, ніхто выступаць ужо не зможа.
Але не, мае рацыю Валік, кажучы, што «яны “падавяцца” Бяляцкім». Я таксама спадзяюся на гэта. Спадзяюся на беларусаў. Спадзяюся, што іх не заслепяць фабрыкацыі улады аб вялікіх грошах, нібыта ўтоеных праваабаронцамі, якія на працягу 15 гадоў бескарысліва і нягледзячы на небяспекі абаранялі сваіх суграмадзян. Спадзяюся, што, нягледзячы на разлікі прагнілай улады, яны не будуць судзіць аб табе зыходзячы са свайго «ніжэйшага я», якое і сапраўды часта апраўдвае прыстасаўленства і абыякавасць, таму што «ўсе такія, і я не горш». Яны запомняць цябе, у якіх бы засценках ты не апынуўся, такім, якім мы ўсе цябе даўно ведаем – мужным, бескарыслівым, які змагаецца, ніколі не думае пра сябе, але заўсёды - пра іншых. Які заўсёды робіць тое, што лічыць правільным, а значыць - адзіна магчымым.
Моцна цісну тваю руку.
Артак Кіракасян
Генеральны сакратар Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH)
Кіраўнік Праўлення «Інстытута грамадзянскай супольнасці»
Ерэван
Арменія”.