viasna on patreon

Прыёмным сем’ям утрымліваць дзяцей усё складаней

2011 2011-05-25T09:02:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzeci-kruyda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бялыніцкім раёне зарэгістраваны 31 прыёмная і 14 апякунскіх сем’яў, у якіх выхоўваюцца адпаведна 53 і 16 дзяцей. У сувязі з тым, што апошнім часам у краіне рэзка пачалі падвышацца кошты на самыя неабходныя прадукты і тавары, праблем у гэтых сем’ях значна прыбавілася. Тых грошай, якія выдзяляе дзяржава на ўтрыманне прыёмных дзяцей, катастрафічна не хапае.

Пра свае праблемы распавядае Галіна Літвінава, прыёмная маці з аграгарадка Вішоў Бялыніцкага раёна:

-          Пасля апошніх падвышэнняў коштаў я знаходжусь проста ў шокавым стане. Тыя 406 тысяч беларускіх рублёў, якія дзяржава выдзяляе на выхаванне нашай прыёмнай дзяўчынкі, ператварыліся проста ў нішто. Зараз іх не хопіць нават на прадукты харчавання, бо дзіця расце, яму патрэбна мяса, рыба, садавіна і гародніна. Мы і раней усё патрэбнае  для дзіцяці набывалі за кошт уласных заробку і пенсій, але праблема ў тым, што зараз і гэтых грошай для нашай сям’і не хапае. А да нас жа яшчэ пастаянна прыязджае хлопчык, які раней выхоўваўся ў нашай сям’і, а зараз ужо вучыцца ў Магілёве ў коледжы. Мы лічым яго за роднага, дапамаем чым можам. Муж пасля перанесенай аварыі хварэе, яму патрэбны лекі, а вы самі ведаеце, якія зараз на іх кошты. Ды і дом патрабуе вялікага рамонту - у пакоі, дзе жыве дзяўчынка, згнілі вокны, патрэбна ўсталёўваць санвузел, бо ўсе “зручнасці” у нас на вуліцы. Дапамогі ж з боку выканкама і раённых сацыяльных служб ніякай - прыехалі, паглядзелі, сказалі, што грошай няма і паехалі.

Галіна Літвінава і зараз на дапамогу з боку дзяржавы не вельмі разлічвае:

-          На ўсе нашы просьбы аб дапамозе раённыя службы ніколі ніякай асаблівай ўвагі не звярталі, таму і зараз я на іх спачуванне ніякім чынам не разлічваю. Буду спрабаваць знайсці якую-небудзь падпрацоўку, хоць у нас гэта і вельмі цяжка, асабліва тады, калі табе ўжо 57 год. Выжывем. Мая Іра (прыёмная дзяўчынка) кажа: “Мама, будзем варыць і есці адзін суп, тады грошы на ўсё хопіць”.

Так выжываюць сем’і з прыёмнымі дзецьмі ў асобна ўзятым раёне…

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства