Суд над Вадзімам Доўнарам працягнецца ў пятніцу
28 красавіка (пятніца) у 9.00 у Ленінскім раённым судзе працягнуцца слуханні адміністратыўнай справы карэспандэнта расійскай газеты "Коммерсантъ", беларускага грамадзяніна Вадзіма Доўнара. Журналіст і яго адвакат заявілі хадайніцтва запрасіць у суд сведку са свайго боку - маладога чалавека, якога 21 красавіка затрымалі разам з В. Доўнарам. Акрамя гэтага, суддзя палічыла неабходным выклікаць у суд міліцыянтаў, якія складалі рапарт аб затрыманні, бо паміж рапартам і пратаколам ёсць істотныя разыходжанні.
У міліцэйскім рапарце сцвярджаецца, што журналіст быў у нецвярозым стане, зневажаў кіраўніка дзяржавы і выкрыкваў антыўрадавыя лозунгі. У пратаколе гаворыцца толькі, што В. Доўнар нібыта нецэнзурна лаяўся.
"Я падазраю, што адзін з ахоўнікаў прэзідэнцкай рэзідэнцыі бачыў мяне на апазіцыйных акцыях і таму звярнуў на нас увагу", - зазначыў В. Доўнар у гутарцы з прэс-службай БАЖ. Ён не выключае таксама, што яго затрымалі якраз таму, што ён - журналіст: у яго спачатку паглядзелі дакументы і, убачыўшы пасведчанне газеты "Коммерсантъ", выклікалі машыну. З улікам прызначэння суда на 26 красавіка, журналіст не выключае, што міліцыя мела за мэту перашкодзіць працы карэспандэнта расійскага выдання на "Чарнобыльскім шляху".