Грамадзкі актывіст Эдуард Брокараў быў выкліканы ў Горацкі РАУС дзеля тлумачэньняў па фактах, пададзеных у ананімцы на яго
24-га красавіка, грамадзкі актывіст Эдуард Брокараў быў выкліканы ў Горацкі РАУС, дзе яго азнаёмілі з заявай, нібыта пададзенай трымя грамадзянамі. У заяве сп. Брокараў, а таксама некалькі іншых горацкіх актывістаў абвінавачваюцца ў "стварэньні банды галаварэзаў з мэтай працягу падрыву дзяржаўнага строя, абразах прэзыдэнта" і "атрыманьні грошай" ад нейкага "Страйкавага камітэта апазыцыі", паведаміў грамадзкі актывіст.
Заява падпісаная толькі прозьвішчамі і нават міліцыянты ня ведаюць, дзе шукаць гэтых людзей і ці існуюць яны ўвогуле. Тым ня менш, актывіст быў прымушаны даваць тлумачэньні, падчас якіх супрацоўнікі міліцыі вельмі цікавіліся яго плянамі на 26-е красавіка. Эдуард Брокараў заявіў, што лічыць заяву правакацыяй і патрабуе знайсьці гэтых ананімных аўтараў і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасьці за абразы. Сеньня аналягічныя позвы ў РАУС атрымалі сябры КХП БНФ супругі Віктар і Ірына Каральковы, а дрыбінскаму актывісту Андрэю Юркову горацкія міліцыянты спрабавалі тэлефанаваць на мабільны тэлефон.