viasna on patreon

Мінюст канчаткова падмяў адвакатуру

2011 2011-04-26T11:10:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Міністр юстыцыі Віктар Галаванаў 15 красавіка падпісаў загад № 96 "Аб удзеле адвакатаў у адукацыйных мерапрыемствах за межамі Рэспублікі Беларусь". Гэты нарматыўны акт устанаўлівае, што адвакаты могуць пакідаць межы Беларусі "для ўдзелу ў адукацыйных мерапрыемствах за межамі Рэспублікі Беларусь толькі па згодзе прэзідыўма адпаведнай калегіі адвакатаў".

"У апошні час сталі больш частымі выпадкі самастойнага наведвання асобнымі адвакатамі розных семінараў, "круглых сталоў" і іншых падобных адукацыйных мерапрыемстваў за межамі Рэспублікі Беларусь, на якіх не заўсёды выкладаюцца веды, якія спрыяюць павышэнню ўзроўню прававой адукаванасці адвакатаў. Пад выглядам пашырэння ведаў аб правах чалавека тэндэнцыйна асвятляецца праца праваахоўных органаў і судоў рэспублікі, дыскрэдытуецца праца тэрытарыяльных органаў адвакатуры, роля органаў юстыцыі ў рэалізацыі правоў грамадзян на абарону, - гаворыцца ў загадзе міністра. - Органы адвакацкага самакіравання самаўхіліліся ад гэтага пытання, беспрынцыпова ставяцца да падобных паездак, што не спрыяе ўмацаванню дысцыпліны і арганізаванасці ў адвакацкім асяродку".

Таму прэзідыумам абласных, Мінскай гарадской калегій адвакатаў на пастаяннай аснове прапанавана забяспечваць выезд адвакатаў для ўдзелу ў адукацыйных мерапрыемствах за межамі Рэспублікі Беларусь толькі па згодзе прэзідыўма адпаведнай калегіі адвакатаў; вызначаць мэтазгоднасць удзелу адвакатаў у адукацыйных мерапрыемствах за межамі Рэспублікі Беларусь на аснове справаздач адвакатаў з улікам тэматыкі мерапрыемстваў, спецыялізацыі адвакатаў, выключэнні зрываў судовых працэсаў.
Загад уступіў у сілу з моманту падпісання, а кантроль за яго выкананнем ускладзены на Рэспубліканскую калегію адвакатаў.

Старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла лічыць дадзены загад незаконным:

"Адвакатура не ўваходзіць у сістэму установаў і арганізацый міністэрства юстыцыі. З органамі адвакацкага самакіравання Мінюст не мае права размаўляць шляхам загадаў. Адвакатура - незалежны інстытут, і органы выканаўчай улады абмежаваныя ў пытаннях кіраўніцтва яе дзейнасцю.

Пры ажыццяўленні агульнага кіраўніцтва адвакатуры Мінюст у праве рэкамендаваць адвакатам тыя ці іншыя прапановы, накіраваныя на паляпшэнне іх дзейнасці, павышэнне кваліфікацыі, у тым ліку, праз сістэму адукацыйных мерапрыемстваў і самаадукацыі. Але адвакаты, як і любыя іншыя грамадзяне, маюць поўнае права распараджацца свабодным ад працы часам, у тым ліку самім вырашаць у якіх мерапрыемствах ім удзельнічаць, калі прадстаўляюць сябе ў асабістай якасці. І не важна, гэта на тэрыторыі краіны або за яе межамі.
Таму, прапанова Мінюста ў загадным парадку калегіі адвакатаў забяспечыць кантроль ўдзелу адвакатаў у адукацыйных мерапрыемствах за межамі Беларусі з'яўляецца незаконным. Загад выдадзены з перавышэннем паўнамоцтваў і сведчыць аб спробах аказання ціску на адвакатаў і ўмяшальніцтвам у іх дзейнасць," - лічыць праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства