viasna on patreon

Прадстаўніку МЗС Расіі данеслі праўду пра Фёдара Мірзаянава, якога будуць судзіць у Менску

2011 2011-04-25T10:48:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mirzajanau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фёдар Мірзаянаў

Фёдар Мірзаянаў

Арганізатары маскоўскай кампаніі ў падтрымку арыштаванага ў Беларусі і абвінавачанага ў масавых беспарадках Фёдара Мірзаянава сустрэліся з прадстаўніком расейскага МЗС. Пра гэта паведаміла актывістка руху «Салідарнасць», які арганізаваў кампанію падтрымкі, Анастасія Рыбачэнка.

Рыбачэнка: «Я сустрэлася з супрацоўнікам консульскага аддзела МЗС Катунскім, абмяркоўвала з ім нашы патрабаванні і магчымыя дзеянні МЗС. Дамовіліся, што заўтра ён сустрэнецца са мной і Рымам Мірзаянавым (бацькам арыштаванага Фёдара Мірзаянава).

Катунскі сказаў, што ён тэлефанаваў у Беларусь, але там адказалі, што ўмяшанне Расіі ў справу Фёдара будзе расцэнена як умяшальніцтва ў справы Беларусі, бо Фёдар грамадзянін Беларусі. Я заўважыла, што ў нас саюзная дзяржава з Беларуссю, і што на суды над удзельнікамі акцыі пратэсту 19 снежня часта прыходзяць назіральнікі ад Еўрапейскіх дзяржаў і праваабаронцы. Катунскі удакладніў, што прыходзяць назіральнікі толькі ад недзяржаўных структур. Я прапанавала накіраваць назіральнікаў ад МХГ (Маскоўскай Хэльсынскай Групы) і пацікавілася, ці можа МЗС садзейнічаць бесперашкоднаму прыезду гэтых назіральнікаў на суд, бо раней расейскага праваабаронцу Андрэя Юрова пры спробе ўезду ў Беларусь затрымалі і выслалі з Беларусі. На маё пытанне Катунскі выразнага адказу не даў, але заўважыў, што паміж Расеяй і Беларуссю няма мяжы, і МЗС "актыўна змагаецца" з практыкай беларускіх уладаў спыняць кагосьці пры ўездзе з Расіі ў Беларусь.”

Нагадаем, што ў Маскве актывісты руху «Салідарнасць» пачынаючы з 14 красавіка кожны будны дзень з 16 да 17 гадзін праводзяць пікеты каля будынка МЗС з патрабаваннем да міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова адрэагаваць на арышт у Беларусі Фёдара Мірзаянава - сына расейскага грамадзяніна Рыма Мірзаянава.

«Мы лічым, што нашы дыпламаты павінны прысутнічаць на судзе для таго, каб дадаць празрыстасці і адкрытасці працэсу, мы не сумняваемся ў тым, што ніякіх доказаў віны Фёдара няма, таму лічым важным, каб нашы дыпламаты на судзе самі сталі сведкамі таго, як вяршыцца «правасуддзе» ў Беларусі, каб потым, калі прысуд будзе абвінаваўчым, не было сумневаў, што ў расейца адабралі сына па цалкам выдуманым абвінавачванні», - заявіла актывістка «Салідарнасці» Анастасія Рыбачэнка.

Фёдар Мірзаянаў быў арыштаваны ў Беларусі за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску супраць фальсіфікацый на выбарах прэзідэнта Беларусі. Яго абвінавачваюць па частцы 2 артыкула 293 (удзел у масавых беспарадках). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў. Следства да гэтага часу не прад'явіла доказаў віны Фёдара, тым не менш яго трымаюць у турме, а расследаванне вядзецца, па сведчаннях бацькі Фёдара расейца Рыма Мірзаянава, у закрытым рэжыме з элементамі ціску і запалохвання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства