Хваля шэльмавання незалежных журналістаў у рэгіёнах не спынялася і на Вялікдзень
Бялынічы і Круглае
Напярэдадні светлага свята ўсіх хрысціян Вялікдня раённыя газеты дзвюх паўночных раёнаў Магілёўшчыны - Бялыніцкага і Круглянскага - змясцілі ў перадсвяточных нумарах артыкулы, якія дыскрэдытуюць незалежных журналістаў Паўла Шарамета і Аляксандра Класкоўскага. Артыкулы Вадзіма Іванова і Анатолія Голуба, якія папярэдне былі надрукаваныя ў рэспубліканскіх газетах “Народная воля” і “Рэспубліка”, з’явіліся ў суботніх нумарах раёнак ад 23 красавіка.
Бялыніцкая “Зара над Друццю” і круглянская газета “Сельскае жыццё” змясцілі артыкул пра Аляксандра Класкоўскага і яго сына, які зараз знаходзіцца пад вартай па справе аб масавых беспарадках, пад аднолькавай назвай, - “Поворотись-ка, сынку”. Назвы артыкулаў, прысвечаных Паўлу Шарамету, гучалі па-рознаму: «Зара над Друццю” падала матэрыял пад назвай “За язык никто не тянул…», “Сельскае жыццё» назвала артыкул “Площадка для клеветы. Штрихи к портрету”, хоць тэкст у іх быў змешчаны аднолькавы.
Па словах незалежнага журналіста з Бялыніцкага раёна Барыса Вырвіча, “не выклікае сумневу, што артыкулы, дыскрэдытуючыя незалежных журналістаў, з’явіліся ў раённых газетах па прамому загаду ўладнай вертыкалі. Сумна тое, што рэдактары “Сельскага жыцця” Аляксандр Паўлаў і “Зары над Друццю” Міхась Карпечанка, якіх я ведаю як прыстойных людзей, вымушаны былі парушыць прынцыпы журналісткай этыкі і далучыцца да кампаніі аблівання брудам сваіх калег. Няхай гэта застанецца на іх сумленні”.
Пінск
Пінская раёнка “Полесская правда” надрукавала артыкул “Шеремет – лгун” акурат у суботу, наперададні Вялікдня (№ 32 ад 23 красавіка). Аўтар Вадзім Іваноў злапыхліва прайшоўся па прафесійных і чалавечых якасцях журналіста. У артыкуле ў нейкую дзіўную кашу замешаны і выбух у мінскім метро, і інтэрнэт-рэсурс www.belaruspartizan.org і нават Барыс Беразоўскі. Напрыканцы свайго “твору” аўтар заклікае: « … большая просьба ко всем белорусам: если кто встретит Шеремета в Москве – плюньте в его самодовольную рожу».
Тым часам на першай паласе “Полесской правды” надрукаваны вялікодныя пасланні раённага чынавенства, дэпутатаў розных узроўняў і Архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага, якія заклікаюць да яднання, сяброўства і ўзаемаразумення. “Дай нам Бог здоровья, счастья, мудрости, а еще умения прощать и просить прощения, сочувствовать и сопереживать. Пусть в сердцах наших всегда находится место любви”.
Вось такі дысанас атрымаўся...
За дзень да гэтага "Пінскі веснік" апублікаваў паклёпніцкі артыкул пра вядомага журналіста Аляксандра Класкоўскага.
“Праваабарончая хроніка”