Польскі Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі пачаў акцыю "Свабоду Мікіту Сасіму"
Па зьвестках Радыё Свабода, Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі распаўсюдзіў заяву, у якой гаворыцца, што Мікіта Сасім, які ў часе акцыі пратэсту замест адабранага ў яго міліцыянтамі бел-чырвога-белага сьцягу ўзьняў над галавой джынсавую кашулю - а джынс цяпер стаў симвалам супраціву рэжыму Лукашэнкі - плаціць за гэта вялікую цану.
"Яго моцна зьбілі супрацоўнікі АМОНу, так што Мікіта патрапіў у шпіталь... а цяпер за апазыцыйную дзейнасьць яму пагражае да 3 гадоў турэмнага зьняволеньня - хаця фармальна абвінавачаньні іншыя. Мы ведаем, што ў гэтай цяжкай для яго сытуацыі любая падтрымка звонку дадае сілаў і можа падтрымаць дух", - адзначаецца ў заяве з заклікам пісаць лісты да Мікіты ў Баранавіцкае СІЗА.
Паводле намесьніка старшыні Зьвязу Віталя Лоцманава, такая акцыя можа быць эфэктыўнай: "Мы хочам, каб улады адчулі ўціск. Такія акцыі маюць сэнс - гэта вядома з досьведу "Салідарнасьці", калі палітвязьняў завальвалі вялізнай колькасьцю лістоў з Захаду. Часам улады альбо злагоджвалі ім умовы, альбо ўвогуле выпускалі з турмаў".
Лісты ў СІЗА, дзе знаходзіцца Мікіта Сасім - гэта не адзіная акцыя ў справе вызваленьня актывіста "Зубра". Пра іншыя акцыі прадстаўнікі Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі, аднак, пакуль не гавораць.