Маладофрантавец Юльян Місюкевіч зьвярнуўся ў Генеральную пракуратуру
Падставай паслужыў факт праслухоўваньня ягоных тэлефонных размоваў.
На апошнім допыце ў КДБ Юльян Місюкевіч афіцыйна даведаўся, што яго тэлефонныя гутаркі праслухоўваліся. Сьледчы К.Ф.Бычак прадаставіў падрабязныя фанаграмы й сьценаграмы некаторых размоваў за лістапад-сьнежань 2010 г. Пераважная большасьць прад’яўленых у КДБ запісаў гутарак былі да выбарчых падзеяў.
У адпаведнасьці з законам аб “Апэратыўна-вышуковай дзейнасьці” абмежаваньне канстытуцыйнага права на недатыкальнасьць асабістага жыцьця, у тым ліку праслухоўваньне тэлефона, санкцыянуецца Генэральным пракурорам або яго намесьнікам.
Хлопца неаднаразова дапытвалі як сьведку па справе масавых беспарадкаў 19 сьнежня. “Быць сьведкам — хіба нагода быць праслуханым? Спадзяюся, пракурор паведаміць таксама, зь якога дазволу запісваліся мае гутаркі нават за два месяцы да падзеяў Плошчы,” — апавядае Юльян Місюкевіч.
У звароце юнак просіць пісьмова паведаміць, калі й якім пракурорам была выдадзена санкцыя аб правядзеньні апэратыўных дзеяньняў у выглядзе праслухоўваньня мабільнага тэлефону.
“Я — беларускі студэнт, не злачынца, не дэпутат, не палітык. Калі мае гутаркі слухае Камітэт дзяржбясьпекі, дык няхай патлумачаць, якую небясьпеку я ўяўляю для краіны. Калі санкцыі не было – няхай дзеяньні КДБ разглядае пракуратура,” – дадае Юльян Місюкевіч.
12 сакавіка супрацоўнікі КДБ адвезьлі хлопца з унівэрсытэту допыт і пачалі апытваць аб акалічнасьцях тэлефонных размоваў. Юльян Місюкевіч адказваць на пытаньні адмовіўся, скарыстаўшыся 27 артыкулам Канстытуцыі — магчымасьцю ня сьведчыць супраць сябе. Аднак давялося тры гадзіны сядзець у будынку КДБ і чакаць пакуль сьледчы сфармулюе й запіша ў пратакол свае пытаньні.
Сытуацыю пагадзіўся пракамэнтаваць праваабаронца Сяргей Усьцінаў: “Канешне, абурае сам факт праслухоўваньня тэлефона, і на якой падставе пракурор даў санкцыю на гэтае апэратыўна-вышуковае мерапрыемства. Заканадаўствам прадугледжаны асаблівыя ўмовы правядзеньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў па пастанаўленьню Міністра ўнутраных справаў, старшыні КДБ, намесьніка старшыні КДК і дырэктара дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Але гэта ў выпадках, якія патрабуюць апэратыўнага ўжываньня мераў па забесьпячэньня бясьпекі грамадзтва і дзяржавы, у выпадках папярэджаньня, стрыманьня цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Паглядзім на адказ пракурора, і калі пракурор не даваў санкцыю на праслухоўваньне мабільнага тэлефона Юльяна, то ўзьнікае пытаньне, хто вынес пастанову і якія ж злачынныя дзеяньні, накіраваныя на шкоду грамадзкай бясьпецы і дзяржавы зьдзейсьніў малады чалавек?”
Праваабаронцы маюць намер адсочваць разьвіцьцё падзеяў, і будуць дапамагаць юнаку ў далейшым.