viasna on patreon

Алесь Асіпцоў пакараны трыма суткамі арышту

2011 2011-03-25T08:19:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Як паведаміў журналістам і праваабаронцам намеснік начальніка Ленінскага РАУС падпалкоўнік Аляксандр Патаранка, Асіпцоў быў затрыманы супрацоўнікамі патрульна-паставой службы паводле артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за адпраўленне натуральных патрэб у грамадскім месцы. Паводле яго слоў, суд над Асіпцовым адбыўся пасля 17.00, і ён адбывае адміністрацыйны арышт у ізалятары часовага ўтрымання.

Месцазнаходжанне Асіпцова, які быў затрыманы ў 13.45 недалёка ад свайго дома каля гандлёвага цэнтра «Атлант», на працягу некалькіх гадзін заставалася невядомым. Раней са слоў супрацоўніка Ленінскага РАУС маёра Андрэя Цяцерукова паведамлялася, што Асіпцоў быў затрыманы ў скверы 40-годдзя Перамогі і адпраўлены ў адзін з апорных пунктаў. За даванне лжывай інфармацыі на Цяцерукова была пададзена скарга праваабаронцам Барысам Бухелем.

Пазней дзяжурны капітан міліцыі Ігар Каралёў паведаміў, што Асіпцоў быў адпраўлены ў суд Ленінскагараёна Магілёва. Аднак за дваццаць хвілін да закрыцця суда (18.00) у канцылярыі па адміністрацыйных справах і выканаўчай вытворчасці запэўнілі, што ніякай справы Асіпцова не паступала і не разглядалася.

Высветліць месцазнаходжанне журналіста ўдалося толькі пасля звароту ў 18.10 да намесніка начальніка РАУС Патаранкі, які на працягу паўгадзіны па сваіх каналах высвятляў, якім канвоем Асіпцоў быў дастаўлены ў суд і дзе затрыманы знаходзіцца цяпер. Магілёўскія апазіцыянеры сумняваюцца, што Асіпцову раптам спатрэбілася спраўляць патрэбу сярод белага дня за два крокі ад свайго дома. У 14.00 ён павінен быў знаходзіцца на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, дзе разглядалася справа Ганны Шкадун, удзельніцы несанкцыянаванага пікета салідарнасці 16 студзеня. Актывісты бачаць у арышце Асіпцова спробу перашкодзіць яму асвятляць мерапрыемствы апазіцыі, прымеркаваныя да Дня абвяшчэння незалежнасці БНР.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства