У Слуцку кіраўніку ініцыятыўнай групы Някляева зрэзалі заробак ў два разы
Кіраўніцтва РУП «Мінскэнерга» са студзеня зрэзала заробак Анатолю Юрэвічу, старэйшаму майстру Слуцкага будаўнічага ўчастка філіяла «Мінская ЦЭЦ». У перыяд перадвыбарчай кампаніі Юрэвіч узначальваў на Случчыне ініцыятыўную групу Уладзіміра Някляева.
- Мая зарплата зменшылася з 1,5 мільёна да 827.000 рублёў, - заявіў Анатоль Юрэвіч. - У той жа час я сумяшчаю тры пасады - начальніка ўчастка, старэйшага майстра і нарміроўшчыка.
На думку Юрэвіча, такім чынам, кіраўніцтва прадпрыемства дамагаецца яго сыходу па ўласным жаданні.
Гэта не першая спроба адміністрацыі РУП «Мінскэнерга» пазбавіцца ад Анатоля Юрэвіча. У самы разгар прэзідэнцкай кампаніі, 7 кастрычніка, Юрэвічу прапаноўвалі падпісаць паведамленне аб скасаванні кантракту. Але тады Юрэвіч захаваў працоўнае месца ў сувязі з тым, што тэрмін дамовы заканчваўся 21 кастрычніка, а ў адпаведнасці з Працоўным Кодэксам кіраўніцтва павінна было папярэдзіць работніка пра гэта не менш, чым за месяц.
«Праваабарончая хроніка»