viasna on patreon

Пікет салідарнасці з палітвязнямі -- пад наглядам раённага "ідэолага"

2011 2011-03-21T10:10:01+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vitebskpiket-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19 сакавіка ў райцэнтры Глыбокае адбылася акцыя салідарнасці з палітвязнямі -- адзіная на Віцебшчыне акцыя падобнага зместу, санкцыянаваная ўладамі. Прадстаўнікі райвыканкаму адмыслова прыйшлі назіраць за ўдзельнікамі і прабылі на пікеце, пакуль акцыя не скончылася.

Напярэдадні глыбоцкага актывіста Яраслава Берніковіча выклікалі да кіраўніка ідэалагічнага аддзелу Міхаіла Чарапкоўскага на прафілактычную размову. Раённы "ідэолаг" папярэдзіў, каб "усе было талерантна -- без хуліганства і біцця шыбаў". Прасачыць за гэтым асабіста спадар Чарапкоўскі 19 сакавіка прыйшоў разам з юрысконсультам райвыканкаму.

Ад самай раніцы пляцоўка каля раённага Дома культуры, якую райвыканкам вызначыў для правядзення масавых акцый, была ачэплена ахоўнай стужкай, а супрацоўнікі ДАІ забаранілі праезд па вуліцы Камуністычнай, дзе месціцца будынак. Кіраўнік ідэалагічнага аддзелу Міхаіл Чарапкоўскі патлумачыў удзельнікам пікету, што акурат  у суботу 19 сакавіка каля культурніцкай установы праводзіцца добраўпарадкаванне. Таму на пляцоўцы перад уваходам, дзе праходзіў пікет, з'явіўся самасвал, а на праезжай частцы некалькі гадзін прастаяў бульдозер. Кіроўца некаму тлумачыў па тэлефоне, што паставіць у гэтым месцы машыны "загадала міліцыя".

"Калі мы пачалі ўсталёўваць намёт, бо ішоў снег, Міхаіл Чарапкоўскі заявіў, што ў заяўцы на акцыю я нічога не пісаў пра намёты, стэнд з партрэтамі палітзняволеных і гэтак далей, -- распавёў глыбоцкі актывіст Яраслаў Берніковіч. -- Усё, што адбывалася далей, начальнік ідэалагічнага аддзелу паслядоўна фатаграфаваў, не патлумачыўшы, з якімі мэтамі ён гэта робіць".

Раённы "ідэолаг" здымаў, як трое пікетоўцаў выйшлі з партрэтамі палітзняволеных, як размаўлялі з мінакамі, як раздавалі аўдыёдыскі з песнямі Уладзімера Някляева, як запалілі свечкі на знак салідарнасці.

"У нас дэмакратыя! -- сказаў Міхаіл Чарапкоўскі незалежным журналістам. -- Таму мы дазволілі такі пікет". Але наконт таго, ці будзе падобная акцыя дазволена неяк наступным разам, адказваў няпэўна: маўляў, усе будзе залежаць ад  мэтаў пікетоўцаў і тэматыкі мерапрыемства.

Актывіст Яраслаў Берніковіч кажа, што атрымаў дазвол на правядзенне пікету ўпершыню за апошнія пяць гадоў, і што Міхаіл Чарапкоўскі заўважыў яму, што наступны раз акцыі падобнага зместу будуць дазволены яшчэ гадоў праз пяць. Да таго часу ён паабяцаў зрабіць рамонт у раённым Доме культуры і добраўпарадкаваць пляцоўку перад ім.

Прысутнасць чыноўніка райвыканкаму на пікеце відавочна бянтэжыла глыбачан. Пазнаючы "начальства", далёка не ўсе мінакі наважваліся падысці бліжэй ды паразмаўляць з актывістмі. Некаторыя нават адмаўляліся ад падарунка - дыска з песнямі на словы былога кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, калі бачылі, што за імі назірае "ідэолаг".

Міхаіл Чарапкоўскі назіраў за акцыяў увесь час, колькі яна ішла -- каля дзвюх гадзін. Адраху пасля таго, як актывісты сышлі, скончыліся і "рамонтныя работы": бульдозер ад'ехаў, ахоўныя стужкі знялі і рух па вуліцы Камуністычнай аднавіўся.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства