У Магілёве прадстаўнікі апазіцыі скардзяцца ў суд на КДБ
Актывісты Салаўёў і Шамбалова просяць, каб суд адмяніў вынесеныя ім папярэджанні, пастаноўку на прафілактычны ўлік, абавязаў супрацоўнікаў КДБ прынесці ім выбачэнні.
Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Салаўёў
і актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская
дэмакратыя" Таццяна Шамбалова падалі ў суд Ленінскага
раёна скаргі на Упраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці, якое паставіла іх на
прафілактычны ўлік, паведамляе БелаПАН.
Нагадаем, Зміцер Салаўёў быў пастаўлены на прафілактычны ўлік 5 студзеня. Як
адзначана ў афіцыйным папярэджанні, на ўлік яго паставілі за неаднаразовыя спробы
арганізацыі і правядзення ў рэгіёне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў,
якія маглі пацягнуць грубіянскае парушэнне грамадскага парадку. А таксама за
ўдзел 19 снежня ў Мінску ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, у выніку якога былі
дапушчаны масавыя беспарадкі.
Таццяна Шамбалова была пастаўлена на прафілактычны ўлік 9 лютага. Ёй было
ўручана афіцыйнае папярэджанне за дзейнасць у складзе незарэгістраванай ва
ўстаноўленым парадку партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і
ўдзел у Плошчы
Паводле скаргі Салаўёва, падчас прафілактычнай гутаркі з супрацоўнікам КДБ
Андрэем Махуновым у якасці доказаў супрацьпраўнай дзейнасці былі прыведзены
факты ўскладання Салаўёвым кветак у абласнога краязнаўчага музея 25 сакавіка, і
у помніка ахвярам Чарнобыля 26 красавіка і ўдзел у падрыхтоўцы абласной
кааліцыяй дэмакратычных сіл праграмы імпрэзы Дня Волі.
Салаўёў настойвае, што пры правядзенні гэтых мерапрыемстваў не было ніякіх
грубіянскіх парушэнняў грамадскага парадку. Сваё знаходжанне на плjixs
Незалежнасці ў Менску 19 снежня ён тлумачыць выкананнем прафесійных абавязкаў
як карэспандэнта інтэрнэт-выдання "Вольны Магілёў".
Таццяна Шамбалова ў сваю чаргу сцвярджае, што супрацоўнік КДБ Андрэй Махунов
беспадстаўна назваў яе "кіраўніком гарадскога аддзялення партыі
"БХД". "Гэтыя сцвярджэнні не адпавядаюць рэчаіснасці і
з'яўляюцца неабгрунтаванымі і лжывымі выдумкамі і здагадкамі, бо такой партыі ў
Рэспубліцы Беларусь не існуе. У рэчаіснасці я з'яўляюся магілёўскім
каардынатарам арганізацыйнага камітэта па стварэнні партыі "БХД" і яе
заснавальнікам і таму займаюся дзейнасцю па падрыхтоўцы яе рэгістрацыі, як
прадугледжана законам "Пра палітычныя партыі", у прыватнасці
артыкулам 10", — адзначае Шамбалова.