Рэчыцкі суд прызнаў улёткі перыядычным выданнем
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі рух «За свабоду», стваральнік інфармацыйнага сайту «Сильные новости» Пётр Кузняцоў атрымаў 20 студзеня пастанову Рэчыцкага раёнага суду. Спадар Кузняцоў аштрафаваны на 700 тысяч рублёў паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП — парушэннне заканадаўства аб СМІ.
Рашэнне прымаў суддзя Мікалай Доля. Перад гэтым Пятра Кузняцова затрымалі з кіроўцам аўтамашыны на дарозе Гомель-Кобрын у Рэчыцкім раёне з «прадукцыяй сродкаў масавай інфармацыі». Прынамсі, так напісана ў пастанове аб адміністратыўным спагнанні.
«Сродкамі масавай інфармацыі» названы ўлёткі, надрукаваныя для інфармацыйнай падтрымкі кампаніі «Ведаю!» Гомельскага дэмакратычнага форума. І дадзена тлумачэнне: «Поскольку изъятая у Кузнецова П.Е. печатная продукция предназначалась для неопределённого круга лиц с указанием в ней интернет-сайта, и её тираж составлял более 299 экземпляров, суд пришел к выводу, что данная продукция является продукцией средств массовой информации и изготовлена им незаконно. О периодичности средств массовой информации свидетельствует то обстоятельство, что выпуск печатной продукции осуществляется ежемесячно с середины 2009 года в рамках кампании „Знаю“ Гомельского Демократического Форума».
Складальнікі пратакола, а за імі і суддзя некалькі разоў спасылаюцца на закон «Аб сродках масавай інфармацыі», фактычна прызнаючы, што прыкмет СМІ ва ўлётках няма: перыядычнасць, наклад, назва, імя рэдактара, распаўсюд (продаж, падпіска, падпісны індэкс) і іншае. Але яны настойліва даводзяць, што ўсё гэта на ўлётках трэба пазначыць. І, назваўшы ўлётку СМІ, штрафуюць Пятра Кузняцова.