На Кастрычніцкай плошчы адбыўся флэш-моб пад час трансьляцыі выпуску навінаў на тэлеканале ОНТ
Увечары 29 сакавіка каля вялікага экрана на Кастрычніцкай плошчы сабраліся дзясяткі менчукоў. Як толькі пачаўся выпуск навінаў, яны павязалі на вачах чорныя і джынсавыя стужкі, а некаторыя з іх затулілі далонямі вушы. Такім чынам людзі пратэставалі супраць інфармацыйнай палітыкі на дзяржаўным тэлебачаньні. Калі з экрана паведамілі, што ў ізалятарах, дзе трымаюць арыштаваных за ўдзел у апазыцыйных акцыях, добрыя ўмовы, некаторыя хлопцы засьвісталі.
Міліцыянты і байцы спэцназу міліцыі ў цывільным назіралі за акцыяй і хадзілі сярод людзей. Потым падышлі спецназаўцы ў форме. Людзі дачакаліся заканчэньня праграмы і разышліся невялікімі групамі – хто ў метро, хто на прыпынак. Міліцыянты яшчэ нейкі час суправаджалі іх, але абышлося без затрыманьняў, паведаміла радыё Свабода.