Бойка зь міліцыянтамі ў Гародні
18 сакавіка ў Гародні каля 16-й гадзіны адбылася бойка паміж міліцыянтамі і фанатамі футбольнай каманды "Нёман". У гэты дзень на стадыёне "Нёман" адбылася таварыская гульня паміж мясцовым аднайменным клюбам і беластоцкай "Ягелёніяй". Сустрэча скончылася нулявой нічыёй, чаго ня скажаш пра далейшыя падзеі. Пасьля заканчэньня сустрэчы адбылася жорсцкая сутычка паміж заўзятарамі і міліцыянтамі. Па словах відавочцаў, фанаты "Нёману" паводзілі сябе на вуліцы шумна, але не агрэсіўна. Міліцыянты адразу кінуліся “пресекать” несанкцыянаванае шэсьце. Відаць праявілася празьмерная ір’янасьць пасьля ідэалягічных апрацовак. Завязалася жорсцкая бойка, у выніку некалькі чалавек з абодвух бакоў сур’ёзна пацярпелі. Аднаго з фанатаў міліцыянты моцна зьбілі, яны ж адмовіліся выклікаць хуткую, хоць сытуацыя патрабавала таго. Урэшце частку фанатаў затрымалі і завезьлі ў пастарунак.