viasna on patreon

ГА «БАЖ» - міліцыі: Не чапайце журналістаў!

2010 2010-12-17T14:43:32+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Напярэдадні дня галасавання ГА «БАЖ» вырашыла нагадаць міліцыі пра права журналістаў прысутнічаць на вулічных акцыях, у тым ліку несанкцыянаваных.

«На масавых акцыях журналісты гэтак жа выконваюць свае прафесійныя абавязкі, як і супрацоўнікі міліцыі», — гаворыцца ў афіцыйным звароце старшыні арганізацыі Жанны Літвіной да міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова і яго намеснікаў.

Арганізацыя просіць міліцэйскае начальства нагадаць пра гэта асабоваму складу органаў унутраных спраў і праінфармаваць БАЖ пра зробленыя захады. «Спадзяемся, што прынятыя Вамі меры дапамогуць пазбегнуць канфліктаў і парушэння правоў журналістаў СМІ, і, адпаведна, канстытуцыйнага права грамадзян РБ на атрыманне і распаўсюд інфармацыі», — гаворыцца ў лісце. ПОЎНЫ ТЭКСТ

Зварот на імя міністра Куляшова, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Яўгена Палудзеня і камандзіра ўнутраных войскаў Валерыя Гайдукевіча БАЖ накіруе 17 снежня.

Пра гэта кіраўнікі БАЖ паведамілі беларускім і замежным калегам на брыфінгу, які адбыўся ў пятніцу ў офісе арганізацыі.

Прэс-канферэнцыя была прысвечана адразу некалькім тэмам: старшыня БАЖ Жанна Літвіна прааналізавала перадвыбарныя праграмы кандыдатаў на прадмет прысутнасці ў іх тэмы свабоды СМІ, намеснік старшыні, юрыст Андрэй Бастунец параўнаў беларускія выбарчыя рэаліі з еўрапейскімі стандартамі, а кіраўнік маніторынгавай групы БАЖ Алесь Анціпенка агучыў некаторыя высновы датычна асвятлення выбарчай кампаніі ў беларускіх СМІ. Акрамя таго, супрацоўнікі офіса БАЖ раздалі калегам распрацаваную юрыстамі кішэннага фармату «памятку» пра паводзіны ў выпадку затрымання. ПАМЯТКА

Паводле сп-ра Анціпенкі, з моманту прэзентацыі трэцяга бюлетэню маніторцаў агульная карціна не змянілася: дзяржаўныя СМІ па-ранейшаму факусуюцца на асобе аднаго кандыдата — дзейнага кіраўніка дзяржавы, а ў цэлым тэма выбараў застаецца для іх другаснай. Разам з тым, маніторцы фіксуюць шмат «эфектаў медыя» — праяваў перадузятага стаўлення, наўпроставых зняваг, «эмацыйна афарбаваных, дыскрымінацыйных і правакацыйных» заяў. (Прыклады гл. у Бюлетэні № 3).

Андрэй Бастунец разгледзеў некаторыя аспекты беларускай выбарчай кампаніі «у агульнаеўрапейскай сістэме каардынат».

«У прыватнасці,„Існуючыя абавязкі па правядзенні дэмакратычных выбараў у дзяржавах-удзельніцах АБСЕ“ (дакумент, прыняты ў Варшаве ў 2003 годзе) кажуць пра неабходнасць ухваляць актыўнае асвятленне выбараў у СМІ, — зазначыў А. Бастунец. — Вынікі нашага маніторынгу сведчаць, што інфармацыі недастаткова. А між тым, беларускія афіцыйныя асобы не раз падкрэслівалі, што лічаць такую сітуацыю нармальнай. Пра гэта выказваліся, у прыватнасці, міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі і першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч…»

«Надзвычай важным для журналістаў момантам была прысутнасць сярод палітычных патрабаванняў кандыдатаў неабходнасці рэфармавання медыясферы, — закранула іншую тэму Жанна Літвіна. — Так, нашы палітыкі заўважалі, што агітацыя вялася ў няроўных умовах, што манаполія на дзяржаўных СМІ дазваляла разгарнуць паўнавартасную дыскусію. Але да ўмоваў працы недзяржаўных СМІ кандыдаты звярталіся ў сваіх перадвыбарных праграмах не так часта…»

Тым не менш, па словах старшыні БАЖ, «гэта не азначае, што мы не павінныя шукаць узаемаразумення і супрацоўнічаць»: «У нас ёсць „дарожная карта“ рэфармавання беларускай медыясферы, і мы цвёрда трымаемся сваіх пазіцый: роўныя эканамічныя ўмовы для медыя розных форм уласнасці, доступ да інфармацыі і прывядзенне заканадаўства ў галіне СМІ ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі».

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства