viasna on patreon

Віцебск: Cарваць сустрэчу з Уладзімірам Някляевым не ўдалося

2010 2010-12-14T13:55:19+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vitebskniakliaeu3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

13 снежня кандыдат наведаў Віцебск. Напярэдадні невядомыя асобы зрывалі паведамленні пра сустрэчу, а непасрэдна перад ёй высветлілася, што ў залі Першамайскага культурна-дзелавога цэнтру дэмантаваныя крэслы. Да ўсяго гэтага, на сход з’явілася паўтара дзесятка БРСМаўцаў, якія спачатку правакавалі сварку, а потым давалі інтэрв’ю тэлекампаніі СТВ.

У Віцебску Някляева чакалі даўно: сустрэча з яго даверанымі асобамі ўжо была, а сам кандыдат прыехаў у абласны цэнтар упершыню. Аднак зала ў культурна дзелавым цэнтры “Першамайскі”, адмыслова вызначаная ўладамі для агітацыйных сустрэч з кандыдатамі, была абсалютна для гэтага не падрыхтавана: толькі ў адной палове маглі размясціцца людзі, а другая, па сутнасці, была складам няспраўных крэслаў. Такім чынам, на сустрэчу сабралася больш за 300 чалавек, але больш як трэцяя частка мусілі стаяць, бо ў паловы крэслаў не было сядзенняў - толькі спінкі.

Актывіст Уладзімір Алексенка, які адкрываў сход, распавёў, што напярэдадні па горадзе былі расклееныя аб’явы пра сустрэчу з Уладзімірам Някляевым. Але іх нехта пазрываў, каб людзі пра магчымасць сустрэцца з кандыдатамі не даведаліся.

 

Падчас сустрэчы ў залі працавалі тры групы “тэлевізіёншчыкаў”. Але не ўсе здымалі тое, што казаў са сцэны кандыдат і як рэагавалі на гэта слухачы. Так, група тэлекампаніі СТВ “ажывілася” толькі тады, калі некалькі хлопцаў пачалі правакаваць Някляева на сварку.

Запытаўшыся, чаму паэт падаўся ў палітыку, яны пачалі выкрыкваць рэплікі пра тое, што “кожны мусіць займацца сваёй справай”, “клікаць людзей на плошчу – гэта злачынства”, “Някляеву абвясцілі папярэджанне, і гэта не дарма”, “на плошчы чакаецца масавая бойка з удзелам апазіцыі” і гд. Хлопцаў з БРСМу пачалі суцішаць іншыя гледачы, але маладыя людзі вырашылі зладзіць дэмарш: крыкнуўшы “Мы сыходзім на знак пратэсту”, яны падаліся з залі. Следам за імі выйшлі і работнікі тэлекампаніі СТВ – браць інтэрв’ю ў холле. У кандыдата Някляева ўзяць інтэрв’ю яны не палічылі патрэбным.

Агітацыйная сустрэча працягвалася крыху больш за 2 гадзіны. Большасць пытанняў, зададзеных Уладзіміра Някляеву, тычылася ягонай праграмы: здарылася так, што абласная газета “Віцебскі рабочы” яе дагэтуль не надрукавала, хаця да выбараў засталося менш за тыдзень.    

На фота:

  1. Тэлевізіёншчыкі здымаюць “абуранага” БРСМаўца
  2. Крэслаў шмат, ды няма як сесці
  3. Выступае Уладзімір Някляеў

    “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

     

    Апошнія навіны

    Партнёрства

    Сяброўства