viasna on patreon

Зміцер Салаўёў: Польша і палякі могуць шмат зрабіць для Беларусі

2010 2010-12-13T13:12:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/katavice-forum.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напачатку снежня ў Катавіцах адбыўся Еўрапейскі кангрэс правоў чалавека, арганізаваны бюро дэпутата ў Еўрапарламент - Марэка Мігальскага і аб'яднаннем «Праект Сілезія». Кангрэс быў - незвычайны, паколькі сярод запрошаных гасцей былі прадстаўнікі няўрадавых арганізацый з Беларусі і Расіі. Удзел у працы праваабарончага форуму прымаў прадстаўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Зьміцер Салаўёў, які пагадзіўся адказаць на некалькі пытаньняў аб працы Кангрэсу.

Спадар Зміцер! У Еўрапейскім кангрэсе правоў чалавека, што адбыўся ў Польшы, раней беларусы не ўдзельнічалі. Таму цікава будзе даведацца больш падрабязна пра яго фармат, удзельнікаў  і тэматыку.

Гэты кангрэс быў арганізаваны высілкамі бюро дэпутата Эўрапарлямэнту Марэка Мігальскага, які працуе ў камісіях па справах з Беларуссю і Расіяй, а таксама з дапамогай  аб’яднаньня “Праект Сілезія”. Асноўныя пытаньні, якія разглядалі ўдзельнікі кангрэсу, тычыліся палітычных аспэктаў правоў чалавека, сытуацыі з захаваньнем правоў чалавека на абшарах былога Савецкага Саюза і гандлю людзьмі.

Былі запрошаныя знакамітыя праваабаронцы з Беларусі і Расіі, прадстаўнікі польскіх дзяржаўных і няўрадавых арганізацый.  Сярод удзельнікаў, напрыклад, Андрэй Блінушоў, сябра “Мэмарыялу”, каардынатар інфармацыйна-аналітычнага парталу “Правы Чалавека ў Расіі”.

Аб парушэньнях правоў чалавека ў Расеі і ў Беларусі ўдзельнікам канфэрэнцыі распавялі прадстаўнікі праваабарончых арганізацый гэтых краін. Пад час свайго выступу я акрэсліў галоўныя праблемы з парушэннямі правоў чалавека, які ў нас існуюць. Гэта і парушэнне права на свабоднае волевыяўленне, і свабода асацыяцай і грамадскіх аб’яднанняў, акцэнтаваў ўвагу на наяўнасці ў крымінальным заканадаўстве артыкула 193.1,  які дае магчымасць пакараць кожнага за ўдзел у незарэгістраваных грамадскіх арганізацыях. І гэта стрымлівае працэс развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Таксама ў сваім выступе я закрануў тэму смяротнага пакарання, паколькі Рэспубліка Беларусь – гэат адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль выкарыстоўваецца гэты від пакарання.

Ці знаходзілі разуменне ў прадстаўнікоў польскіх арганізацый твая пазіцыя па пытаннях парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Ці вядомыя ў Польшы падобныя праблемы?

Зразумела, што Польша ў развіцці грамадзянскай супольнасці і іншых пытаннях, звязаных з забеспячэннем правоў чалавека, значна прасунулася наперад. І нават бюро дэпутата Еўрапарламенту збіраецца ў сваю чаргу дапамагаць нам. Зараз існуюць дамовы пра супольныя праваабарончыя праекты, праца над якімі пачалася. У прыватнасці, шэраг беларускіх моладзевых арганізацый ушчэльную зоймецца правамі студэнтаў.

Мы дамовіліся надалей ажыццяўляць абмен інфармацыяй паміж удзельнікамі кангрэсу, далучаць да супрацоўніцтва праваабаронцыя сайты як у Польшы, так і ў Расіі.  Так сайт “Правы Чалавека ў Расіі” цяпер мае раздзел аб Беларусі.

А ці была рэальная магчымасць данесці ўдзельнікам кангрэсу інфармацыю, якая тычыцца прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і асабліва пра шматлікія парушэньні, што выяўляюцца праваабаронцамі пад час правядзення розных этапаў выбараў?

Я распавёў пра парушэнні пад час фармавання ўчастковых камісій, у якіх адсотак прадстаўнікоў дэмакратычных партый і аб’яднанняў складае зусім неістотную лічбу. Увогуле напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў  беларускія ўлады спрабуюць завуаліраваць парушэньні правоў чалавека, але перашкоды для ўдзелу грамадзянскай супольнасьці ў працы выбарчых камісій паказваюць недэмакратычнасьць выбараў у Беларусі.  Гэта дае падставы меркаваць, што менавіта на выбарчых участках могуць быць вялікія парушэнні пад час падліку галасоў і магчыма тут будзе атрыманы той вынік, які так патрэбны ўладам.

Выступоўцы таксама абмяркоўвалі пытанне універсальнасці правоў чалавека, падкрэслівалася  значнасць Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якая з'яўляецца адзіным рэальным дакументам, пастановы якога павінны выконвацца ўсімі краінамі - удзельніцамі гэтай дэкларацыі. Кангрэс скончыла панэль, прысвечаная гандлю людзьмі. Было адзначана, што  праблематыка рабства шматузроўневая, яна тычыцца прымусовай працы, прастытуцыі, ранняга шлюбу, рабства за даўгі.
Усе ўдзельнікі пагадзіліся ў тым, што Польшча і палякі могуць нешта зрабіць для Расеі і Беларусі - развіваць супрацоўніцтва ў галіне праграм абменаў моладзі, паўплываць на актыўную дзейнасць польскіх інстытутаў у гэтых краінах і супрацоўнічаць з няўрадавымі арганізацыямі, якія займаюцца пытаннем правоў чалавека.



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства