У Віцебску забаранілі пікет з агітацыяй за байкот выбараў
Прычына адмовы адміністрацыі Кастрычніцкага раёну такая: месца, дзе меркаваў праводзіць пікет сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, аказалася “занятым” прыхільнікамі Уладзіміра Някляева. Чыноўнікі вырашылі, што двум пікетам на цэлай плошчы Леніна ў Віцебску будзе цесна.
Віцебскія ўлады сёлета ўпершыню дазволілі задзейнічаць плошчу Леніна для перадвыбарчай агітацыі.
-- Здавалася б, дэмакратычны крок, -- разважае Ян Дзяржаўцаў. – На плошчы можна паставіць не адзін дзесятак пікетаў. Але мне напісалі, што ў гэтым месцы ўжо ладзяць пікет аднадумцы Уладзіміра Някляева. Я нават патэлефанаваў Уладзіміру Алексенку, заяўніку “някляеўскага” пікету. І той дужа здзівіўся, сказаўшы: “Там можна стаць хоць за 10 крокаў, хоць за 10 метраў ад нас. Я не прыхільнік байкоту, але абсалютна не супраць, каб побач быў іншы пікет”.
Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў збіраецца падаваць скаргу ў суд, бо адмову адміністрацыі Кастрычніцкага раёну ён лічыць незаконнай:
-- Сваімі супярэчлівымі рашэннямі ўлады штурхаюць нас на незаконнае пікетаванне. Вось каля так званага “сіняга дому” на вуліцы Леніна з плакатамі за байкот выбараў штодня стаіць Барыс Хамайда. Дык яго перыядычна затрымліваюць і вязуць у міліцыю за тое, што ён агітуе ў неналежным месцы. А ў належнае – не пускаюць, пры гэтым робячы выгляд, што агітацыйная кампанія праходзіць дэмакратычна.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”