Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі
Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Праграма складаецца з чатырох паасобных рубрык: “Хроніка пераследу”, “Час выбару”, “Інтэрв’ю са змагаром за дэмакратычныя каштоўнасці” і “Захаваем жыццё”.
Час выхаду праграмы ў эфір – 15-05 (паўтор - серада 0:05-1:00 і субота 7:05-8:05). Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт на сайце www.racyja.com.
Сёння, 7 снежня, у чарговым выпуску праграмы “Людзьмі звацца!” слухачоў чакаюць агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека, у якой прадстаўлены найбольш гучныя факты пераследу за мінулы тыдзень.
У рубрыцы “Час выбару” - асвятленне хады выбарчай прэзідэнцкай кампаніі і аналіз парушэнняў выбарчых правоў грамадзянаў, якія выявілі ўдзельнікі незалежнага маніторынгу "Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Пастанова ЦВК № 99 ад 5 лістапада "Аб правядзенні трэнінгу для сябраў участковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе" выклікала вялікі рэзананс сярод незалежных назіральнікаў за цяперашняй выбарчай кампаніяй. Пры гэтым, не зважаючы на крытыку праваабаронцаў, пастанова не была апублікавана на афіцыйным сайце Цэнтрвыбаркаму. Гэты факт не мог не выклікаць пытанняў. Што ж такое сакрэтнае ўтрымлівае сцэнар трэнінгу для сябраў участковых камісіяў? Як высветлілася - самае цікавае якраз па-за сцэнарам... Пра гэта распавядае назіральніца па Менску ад Грамадскага аб'яднання "БНФ "Адраджэнне" Валянціна Свяцкая, якая 30 лістапада наведала семінар-трэнінг для старшыняў участковых камісій Маскоўскага раёну сталіцы.
У рубрыцы “Захаваем жыццё” - актуальная інфармацыя па праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі.
У музычных паўзах - кампазіцыі з альбому беларускага рэпера Вінсэнта "Пачатак".
Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.