Пакрыўджаныя ў судах жанчыны дамагліся сустрэчы з Макеем
Актывісткі ініцыятывы «Жанчыны супроць беззаконьня
ў судох і пракуратуры» правялі вулічную акцыю і дамагліся, што
ў Палацы рэспублікі зь імі 5 хвілін размаўляў кіраўнік
адміністрацыі прэзыдэнта.
Сустрэча жанчын з Уладзімерам Макеем адбывалася ў вэстыбюлі аднаго
з уваходаў у Палац Рэспублікі і доўжылася літаральна
5 хвілін. Вынік размовы — некалькім актывісткам абяцаная сустрэча
ў пятніцу, 10 сьнежня. Ці дапаможа размова з кіраўніком
адміністрацыі прэзыдэнта, ніхто ня ведае, але жанчыны спадзяюцца: гэта
лепш, чым нічога, кажа юрыст Тамара Сяргей, якая аказвае дапамогу
незарэгістраванай арганізацыі «Жанчыны супроць беззаконьня ў судах
і пракуратуры».
«Гэтак мы ходзім па замкнёным коле, як на іпадроме. Гэтак
ходзіць гэтак званы народ. Чыноўнікі, відаць, нас і за народ
ня маюць. Яны лічаць, што народ — гэта тыя, хто зараз засядае
ва Ўсебеларускім сходзе. А мы быццам і не народ. Але
мы таксама заяўляем пра свае правы».
Жанчыны змагаюцца за перагляд судовых спраў супроць сваякоў, якія лічаць
незаконнымі, а таксама дамагаюцца пакараньня сьледчых, якія сфальшавалі,
на іх думку, незаконныя справы. Некаторыя актывісткі беспасьпяхова
ходзяць па кабінэтах чыноўнікаў са скаргамі па 5 і болей
гадоў. Толькі да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы жанчыны
зьвярталіся 15 разоў, шмат разоў у адміністрацыю прэзыдэнта,
у тым ліку да кіраўніка адміністрацыі Ўладзімера Макея.
Сёньня — першы выпадак, калі кіраўнік адміністрацыі пагаварыў
з пакрыўджанымі жанчынамі. Адбылося гэта пасьля рашучых дзеяньняў
з боку жанчын. Спачатку яны правялі несанкцыянаваны пікет на плошчы
Свабоды.
Адным зь лёзунгаў пікету быў такі: «Адміністрацыя прэзыдэнта Рэспублікі
Беларусь — надзейная абарона беззаконьня ў краіне». Пасьля пікету
актывісткі аднесьлі ў генэральную пракуратуру скаргу на гарадзкія
ўлады за тое, што ім забаранілі праводзіць пікет.
З пракуратуры актывісткі панесьлі зварот у Палац Рэспублікі
да ўдзельнікаў Усебеларускага сходу. Каля паўгадзіны жанчыны стаялі
на вуліцы на марозе, чакаючы, каб іх прапусьцілі альбо каб
да іх выйшаў нехта з арганізатараў сходу. «Альбо прэм’ер Сяргей
Сідорскі, альбо кіраўнік адміністрацыі Ўладзімер Макей», — патрабавалі
жанчыны і ў выніку свайго дамагліся.
Сустрэча з Уладзімерам Макеем адбылася празь некалькі хвілін пасьля
заканчэньня Ўсебеларускага сходу, у вэстыбюлі пад’езду Палаца Рэспублікі,
які выходзіць на музэй Айчыннай вайны. Уладзімера Макея суправаджалі
шматлікія ахоўнікі і міліцыянты ў цывільным. Карэспандэнта «Свабоды»,
які з дазволу жанчын здымаў на відэа ўсе падзеі акцыі, ахоўнікі
кіраўніка адміністрацыі выдалілі з вэстыбюлю гвалтам, назваўшы
«лазутчыкам».