viasna on patreon

Мінскія СМІ: Праграмы надрукавалі, пра ўсё астатняе маўчаць

2010 2010-12-06T16:55:26+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gazeta.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Газета “Минский курьер” з 27 лістапада па 4 снежня надрукавала на сваіх старонках праграмы ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты. Самаму першаму газетная плошча прадастаўленая А.Лукашэнку, самаму апошняму – Дзмітрыю Усу. Гэта адзіныя вялікія матэрыялы, якія выданне надрукавала на тэму выбараў.

Іншыя мясцовыя выданні – “Вячэрні Мінск” і раённая газета “Прысталічча” – адлюстроўваюць выбарчую кампанію ў краіне яшчэ больш сціпла. Максімум, што ўдаецца знайсці на іх старонках альбо афіцыйных сайтах, -- гэта паведамленні Цэнтральнай выбарчай камісіі пад рубрыкай “Афіцыйна”. Такім чынам, чытач мае магчымасць даведацца, што кандыдатаў дзесяць, і адзін з іх – Лукашэнка.

У пошуках хоць нейкіх аўтарскіх матэрыялаў пра выбары даводзіцца шукаць іх літаральна пад усімі рубрыкамі на сайтах згаданых газет. Вопыт паказвае, што ў беларускіх рэаліях пра вылучэнцаў ад апазіцыі, як і пра незалежных кандыдатаў, прэса можа пісаць і як пра “Наша жыццё”, і абазначыць іх як “Народ і ўлада”, і нават як “Крымінал”. Міжволі напрошваецца думка: а раптам пра людзей, што хочуць змяніць краіну, пішуць у рубрыцы “Загадкавы свет” альбо хаця б “Рознае” ?  Аднак усе надзеі марныя.

У цяперашняй перадвыбарчай сітуацыі газеты імкнуцца не згадваць прозвішчы кандыдатаў зусім – альбо не нагадваць пра іх чытачам “лішні” раз. А на тое, каб надрукаваць графік сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі ў Мінску і Мінскім раёне, няма нават намёку. Звычайны сярэднестатыстычны жыхар сталіцы і асабліва наваколля на аснове маўчання прэсы можа зрабіць выснову: да яго ніхто з кандыдатаў не едзе, з ім ніхто не сустракаецца. Вакол перадвыбарчых акцый мясцовая дзяржаўная прэса захоўвае таямніцу.

Калі паспрабаваць шукаць прозвішчы кандыдатаў на сайце “Вячэрняга Мінска” праз пашукавік, то на Рымашэўскага і Кастусёва пашукавік адказвае “Нічога не знойдзена”, а на Міхалевіча, Статкевіча, Някляева, Саннікава, Цярэшчанку і Раманчука – “Зарэгістравана 10 кандыдатаў”. У адказ на прозвішча “Лукашэнка” пашукавік выдае спіс знойдзеных матэрыялаў на 18 старонках. Крыху менш – 11 артыкулаў, у тым ліку праграма – з’яўляецца на імя дзеючага прэзідэнта ў “Минском курьере”.  Саннікаў згадваецца двойчы – праграма кандыдата і нататка аб выключэнні з мінскай ТВК яго даверанай асобы Юрыя Хадыкі. Някляеў таксама “усплывае” двойчы – акрамя праграмы, гэта згадка пра яго кнігу, прачытаную адным з герояў лютаўскай публікацыі.  Раманчук, акрамя праграмы, не прадстаўлены на старонках выдання ніяк – згадваюцца толькі ягоныя аднафамільцы. Тое самае датычыцца і Міхалевіча, Статкевіча, Рымашэўскага. У Віктара Цярэшчанкі, на першы погляд, сітуацыя лепшая, але тут жа здагадваешся, што гаворка ідзе пра іншага Віктара Цярэшчанку – пра яго распавядаюць у адной з сакавіцкіх публікацый . Імя Кастусёва і Уса звязана толькі з публікацыямі іх праграм. Дзмітрыя Уса шукаць цяжка яшчэ і таму, што на рускае напісанне яго прозвішча на розных рэсурсах можа знаходзіцца да 4 тысяч спасылак са словамі кшталту “улица Руссиянова”. Дарэчы, першай з гэтых спасылак, калі тэкст на рускай мове, абавязкова будзе звязаная з “Всебелорусским собранием”.      

На сайце “Прысталічча” адшукаць матэрыялы пра кандыдатаў аналагічным чынам немагчыма -- пашукавіка тут няма зусім. Затое з’явілася ажно дзве магчымасці пачытаць падрабязней пра выбары. Гэта ранейшы банэр, які адсылае да сайта ЦВК, а таксама рубрыка “19 снежня – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, апошні матэрыял якой – “Барацьбу працягнуць 10 кандыдатаў”. З усіх праграмаў дадзены рэсурс змяшчае толькі спасылку на праект “Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады”,  11 лістапада апублікаваны БелТА .

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства