Бабруйск: На сустрэчы з Някляевым актыўнічалі ідэолагі і сябры РВК
Сустрэча Уладзіміра Някляева з выбаршчыкамі ў Бабруйску прайшла без эксцэсаў. Месцам яе правядзення быў дазволены гарадскімі ўладамі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, у актавым залі сабралася каля 100 чалавек.
На сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі АБСЕ, журналісты мясцовых СМІ, ідэолагі, а таксама сябры розных праўладных арганізацый кшталту Беларускага аб’яднання ветэранаў і Саюза ваенных маракоў. Старшыня Ленінскай выбарчай камісіі Мікалай Плаксіцкі на гэты раз прыйшоў з цэлай групай падтрымкі – намеснікам Тамарай Турцэвіч і яшчэ некалькімі сябрамі камісіі. Усе гэтыя людзі выявілі рэдкую актыўнасць, і задалі Уладзіміру Някляеву дастаткова шмат пытанняў.
Так, напрыклад, сяброў арганізацый, якія падтрымліваюць дзеючага прэзідэнта, цікавіла, ці служыў Някляеў у войску, ці быў камсамольцам. Былога старшыню гарвыканкама Віктара Алімбачкава цікавіла, на якой ідэалогіі будзе будаваць дзяржаву кандыдат, а намеснік старшыні РВК Тамара Турцэвіч на падвышаных танах патрабавала даць ёй адказ наконт таго, хто будзе ўласнікам зямель. Іншыя прысутныя задавалі пытанні пра мову, нацыянальную сімволіку, прыватызацыю і стасункі Някляева з іншымі кандыдатамі. Паэт разгорнута адказаў на ўсе зручныя і нязручныя пытанні.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”