Суд не задаволіў скаргу на адмову ў дзяржрэгістрацыі аб'яднання "За Аўто"
Мінскі гарадскі суд 30 лістапада не задаволіў скаргу прадстаўніка стваранага ГА "За Аўто" Арцёма Шаркова наконт адмовы Мінгарвыканкама ў рэгістрацыі аб'яднання. Суд згадзіўся з меркаваннем упраўлення юстыцыі ў тым, што ў статуце аб'яднання адсутнічаюць мэты яго стварэння. Шаркоў сцвярджае, што мэты ёсць.
Аднак было ўказана, што мэты ў статуце павінны быць выкладзеныя асобным пунктам, але патрабаванне паказаць, у якой частцы закона гэта прапісана, было праігнараванае, патлумачыў Шаркоў.
Паводле слоў Шаркова, да пытання рэгістрацыі таксама адмоўна паставіліся ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама. Акрамя таго, з праектам статута азнаёміліся прадстаўнікі ДАІ. Яны выказалі меркаванне, што асноўнымі задачамі ГА "За Аўто" фактычна стануць кансультацыі грамадзян па пытаннях ухілення ад адміністрацыйнай адказнасці.
Прадстаўнікі стваранага ГА "За Аўто" маюць намер падаць у гарвыканкам перапрацаваныя дакументы на рэгістрацыю, а таксама падрыхтаваць іск у Вярхоўны суд на рашэнне Мінскага гарадскога суда, паведамляе БелаПАН.