Сяргея Салаша абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага пікету ў Барысаве.
3 красавіка ў Барысаве ў межах кампаніі “Зробім лепш”, ініцыяванай Асамблеяй дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў, адбылося мерапрыемства, мэтай якога зьяўлялася сустрэча жыхароў з адміністрацыяй горада і дэпутатамі гарсвета для абмеркаваньня праблемаў, якія існуюць ў горадзе. Сустрэча была запланаваная ў Доме афіцэраў г.Барысава. На сустрэчы не прыйшоў ніхто з прадстаўнікоў выканаўчай і прадстаўнічай улады, але зьявіліся каля 150 жыхароў Барысава. Людзі сабраліся каля Дома афіцэраў і вырашылі ўтварыць Камітэт Грамадскага самакіраваньня і абралі старшынёй Камітэту Сяргея Салаша – аднаго за каардынатараў праграмы “Зробім лепш”, аўтарытэтнага ў Барысаве чалавека. Гэта не спадабалася супрацоўнікам міліцыі, якія склалі на С. Салаша пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні, прадугледжаным Арт167.-1 ч.2 КаАП РБ. Сяргея Салаша абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага пікету. С. Салаш можа быць у любы момант выкліканы ў суд і прыцягнуты да адказнасьці ў выглядзе адміністратыўнага арышту тэрмінам ад 10 да 15 сутак.