viasna on patreon

У Віцебску затрымалі трох удзельнікаў агітацыйных пікетаў

2006 2006-03-06T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

5 сакавіка каля гандлёвага цэнтру “Кантынэнт” міліцыянты затрымалі Вераніку Чыж і Любоў Кузьняцову, якія раздавалі мінакам агітацыйныя ўлёткі. Каля Смаленскага кірмашу міліцэйскі патруль з Кастрычніцкага райаддзелу затрымаў агітатара Сяргея Парсюкевіча.

Як распавёў радыё Свабода Хрыстафор Жаляпаў, давераная асоба кандыдата Мілінкевіча, дзьве спадарыні, якія раздавалі ўлёткі каля гандлёвага цэнтру “Кантынэнт” трапілі ў пастарунак дзякуючы ініцыятыве невядомага мужчыны ў цывільным. Ён падышоў да актывістак, і, заявіўшы пра тое, што яны ня маюць права праводзіць агітацыю ў гэтым месцы, выклікаў нарад міліцыі. Спадар не прадставіўся, і толькі ў пастарунку Вераніка Чыж і Любоў Кузьняцова даведаліся, што з імі размаўляў сам кіраўнік Першамайскага РАУС падпалкоўнік Міхасёў.

Міліцыянты сказалі, што маюць прэтэнзіі да агітацыйных матэрыялаў і забралі 980 буклетаў з партрэтам Аляксандра Мілінкевіча. Словы даверанае асобы кандыдата пра тое, што ўсе ўзоры друкаванае прадукцыі ёсьць у Цэнтравыбаркаме, і там прэтэнзіяў да іх не было, міліцыянтаў не пераканалі. На затрыманых жанчын склалі пратаколы за распаўсюд друкаваных матэрыялаў без выходных дадзеных.

Яшчэ адзін затрыманы, Сяргей Парсюкевіч, трапіў пад увагу міліцыянтаў з Кастрычніцкага райаддзелу ўжо другі раз - першае затрыманьне на тым самым месцы каля Смаленскага кірмашу адбылося 23-га лютага.

Хрыстафор Жаляпаў папярэдзіў супрацоўнікаў абодвух райаддзелаў міліцыі, што яны ня мелі права затрымліваць удзельнікаў агітацыйнай кампаніі, бо любыя заўвагі адносна іхнае працы мусяць рабіць толькі выбарчыя камісіі. Таму ў раённыя пракуратуры пойдуць скаргі на незаконныя дзеяньні міліцыянтаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства