viasna on patreon

Актывіста моладзевага руху "Зубр" Алега Мяцеліцу пасьля адбыцьця 15 сутак арышту, зноў арыштавалі на 15 сутак

2006 2006-03-06T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

3 сакавіка са сьпецпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна ўвечары павінен быў выйсьці моладзевы актывіст Алег Мяцеліца, які адбываў адміністратыўнае пакараньне за ўдзел у акцыі Салідарнасьці 16 лютага. Паплечнікі прыйшлі сустрэць яго ля брамы сьпецпрыёмніка, але ў вызначаны час Алег Мяцеліца не выйшаў. Супрацоўнікі ўстановы паведамілі, што выпусьцілі яго яшчэ днём на некалькі гадзінаў раней пазначанага пратаколам тэрміну.

Некалькі гадзінаў маўчаў і мабільны тэлефон актывіста, ягоная жонка ў Бялынічах хвалявалася. Калі яна пайшла ў міліцыю, то ўбачыла там свайго мужа ў дзяжурнай частцы. Высьветлілася, што міліцыянты прывезьлі яго туды з Менску. Натальля Мяцеліца юрыст, мае адвакацкую ліцэнзію, яна ўпэўненая, што падобны выпадак беспрэцэдэнтны: ніколі супрацоўнікі міліцыі не развозілі па дамах людзей пасьля адбыцьця пакараньня, тым больш за 150 км.

Відавочцы распавялі, што Алега выпусьцілі з пастарунку праз “чорны” уваход. Як толькі Алег выйшаў на вуліцу, да яго падышлі двое ў цывільным і раптам паваліліся на зямлю. Адразу ж падышлі міліцыянты і сказалі Алегу, што трэба зноў складаць пратакол за дробнае хуліганства.

4 сакавіка, нягледзячы на выходны дзень, міліцыянты прывезьлі ў пастарунак судзьдзю Ўладзіміра Гуза. Суд адбыўся за зачыненымі дзьвярыма, Алег Мяцеліца зноў арыштаваны на 15 сутак.

Натальля Мяцеліца была адвакаткай свайго мужа. Яна лічыць бессэнсоўным зьвяртацца ў вышэйшыя установы са скаргамі: "Я абураная дзеяньнямі ўладаў. У нас двое дзяцей Дачцэ 12 гадоў, сыну - 8. Майго мужа ня будзе дома цягам месяцу. Не далі да дому дайсьці. Што гэта за ўлада такая, калі баіцца аднаго чалавека?"

Алег Мяцеліца будзе адбываць пакараньне ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Бялынічах, паведаміла радыё Свабода.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства