«Дзедзіч» вяртаецца
У Брэсце зарэгістравана грамадская арганізацыя, якая сярод задач сваёй дзейнасці бачыць спрыянне выпуску і распаўсюду маланакладных выданняў.
Інфармацыйна-кансалтынгавая некамерцыйная ўстанова «Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» атрымала ў адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста дакумент аб дзяржаўнай рэгістрацыі.
У свой час пад назвай «Дзездзіч» у Брэсце існаваў фонд моладзевых ініцыятыў, які быў заснаваны напрыканцы 1999 года студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта і праз тры гады зарэгістраваны ўпраўленнем юстыцыі аблвыканкама.
Аднак у 2006-м годзе за актыўную грамадскую дзейнасць сябраў арганізацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў «Дзедзіч» быў ліквідаваны па рашэнні суда. Новыя спробы зарэгістраваць арганізацыю пачаліся з восені мінулага года, але ўвесь час сутыкаліся з адмовамі.
Тым не менш, як адзначае адзін з сузаснавальнікаў «Дзедзіча» Зміцер Шыманскі, за гэты час удалося рэалізаваць некалькі значных моладзевых праграм. У прыватнасці, было створана інфармацыйнае агенцтва, якое займаецца выпускам маланакладных газет («Юбілейка», «Купалінка», «Брэст-праўда» і «Дзедзіч»), культурна-асветніцкіх буклетаў, ладзіць акцыі экалагічнага, краязнаўчага і культурніцкага зместу, а таксама накіраваных на папулярызацыю здаровага ладу жыцця. Акарамя таго, «Дзедзіч» з’яўляецца сябрам міжнароднай моладзевай асацыяцыі грамадскіх арганізацый «Youth4Media».
Паводле словаў сп. Шыманскага, рэгістрацыя арганізацыі дае новыя магчымасці для далейшага развіцця згаданых праектаў і ажыццяўлення новых задумаў.