КАНЦЭРТ "За бацьку!", ПАКАЗАНЫ ТЭЛЕКАНАЛАМ ОНТ, ПАРУШАЕ ДЗЕЙСНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА БЕЛАРУСІ
З 1 лютага ў Горадні канцэртам расейскіх і беларускіх артыстаў пачалася маштабная акцыя "За Беларусь!". Выступ эстрадных зорак быў бясплатны: усе гледачы прыйшлі ў Лядовы палац па запрашальніках. Пры гэтым расейскія выканаўцы і кіраўнікі гарадзенскай вэртыкалі, выступаючы перад прысутнымі, хвалілі палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Па плану акцыя, разьлічаная на паўтара месяца, завершыцца 10 сакавіка, за тыдзень да выбараў, гала-канцэртам у Менску.
Фактычна канцэрты тур "За Беларусь" — гэта непрыхаваны прапагандысцкі крок у падтрымку дзейнага кіраўніцтва краіны, які транслюе на ўсю краіну дзяржаўны тэлеканал. За паўтара месяца здымачная група ОНТ зьбіраецца аб’ехаць амаль усе буйныя гарады Беларусі. На дадзены момант адбыліся ўжо тры канцэрты. На апошнім з іх, які быў паказаны ў мінулыя выходныя, плакаты "За Беларусь" ужо ператварыліся ў плакаты "За бацьку", тое ж самае скандавалі і БСРМаўцы.
У сувязі з парушэньнямі прававога заканадаўства пры правядзеньні падобнага агітацыйнага мерапрыемства, юрыст-праваабаронца і давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Мілінкевіча Уладзімір Лабковіч накіраваў у Цэнтральную выбарчую камісію заяву, тэкст якой прыводзім ніжэй:
У Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь
па выборам і правядзеньню рэспубліканскіх рэферэндумаў
220030
г. Мінск, вул. Савецкая, д.11 (Дом ураду)
Лабковіча уладзіміра Мікалаевіча
г. Мінск, вул. Маякоўскага, д.20, кв.40
даверанай асобы кандыдата ў Презідэнты
Рэспублікі Беларусь Мілінкевіча А.У.
ЗАЯВА
19.01.2006г. на канале ОНТ Беларускай тэлерадыёкампаніі быў паказаны канцэрт эстрадных выканаўцаў, дзе вядучымі артыстамі і гледачамі выкарыстоўваліся публічныя заклікі да галасаваньня - "За бацьку". Таксама канцэртная заля была аформленая плакатамі і сьцягамі з аналагічным надпісам. Як стала вядома, дадзенае агітацыйнае мерапрыемства за кандыдата ў Прэзідэнты Лукашенка А.Г. праводзілася грамадзкім аб'яднаньнем БРСМ. Згодна з арт. 155 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, дадзенае мерапрыемства мела пэўную агітацыйную накіраванасьць. Сыходзячы з вышэйвыкладзеных фактаў, прашу растлумачыць наступнае:
1. Згодна арт. 48 Выбарчага кодэкса Республікі Беларусь грашовыя сродкі, якія могуць выкарыстоўвацца для правядзеньня агітацыйнай кампаніі, могуць выдзяляцца выключна з бюджэту Рэспублікі Беларусь, а таксама з утворанага пазабюджэтнага фонду. Грашовыя сродкі фізічных асобаў, грамадзкіх арганізацыяў, палітычных партій, якія выкарыстоўваюцца ў выбарчай кампаніі, выдзяляюцца ў пазабюджэнтны фонд і размяркоўваюцца пороўну паміж усімі кандыдатамі для роўнага іх выкарыстаньня ў мэтах агітаціі. У дадзеным выпадку агітацыйнае мерапрыемства праводзілася толькі ў мэтах агітаціі за Лукашэнка А.Г., роўнага размеркаваньня сродкаў з пазабюджэтнага фонду не было.
2. Артыкул 46 Выбарчага кодекса РБ гарантуе роўныя ўмовы кандыдатам у выкарыстаньні СМІ, якія цалкам альбо часткова фінансуюцца з бюджету Рэспублікі Беларусь.
Такім чынам, сыходзячы з нормаў вышэйпералічаных артыкулаў Выбарчага кодекса, а таксама кіруючыся арт. 49 Выбарчага кодекса Рэспублікі Беларусь ПРАШУ:
1. дать інфармацыю пра ўмовы правядзеньня і трансьляцыі агітацыйнага канцэрта ў падтрымку кандыдата Лукашэнка А.Г.;
2. прадставіць на тых жа ўмовах памяшканьні і трансьляцыю па каналу ОНТ канцэрта ў падтрымку кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Мілінкевіча А.У;
3. абавязаць ГА БРСМ правесьці аплату выкарыстаных сродкаў у пазабюджэтны фонд па правядзеньню выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама абавязаць строга і няўхільна выконваць патрабаваньні выбарчага заканадаўства.
21.02.2006г.