Гарадок: Сябра БСДП (Г) не ўключылі ў выбарчую камісію з-за "рэпутацыі скандаліста"
Сябра БСДП (Грамада) Леанід Гаравы падаў скаргу па факце неўключэння яго ў склад Гарадоцкай раённай выбарчай камісіі. 28 верасня на сумесным паседжанні Гарадоцкага райвыканкама і прэзідыума Гарадоцкага Савета дэпутатаў пры прадстаўленні кандыдатур, вылучаных у склад Гарадоцкай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні выканкама Н. Бурунова ахарактарызавала Леаніда Гаравога як чалавека, "які раней скандаліў у выбарчых камісіях, мае адміністрацыйныя правапарушэнні за ўмяшальніцтва ў працу камісіяў ". На падставе гэтай характарыстыкі ўдзельнікі паседжання прагаласавалі супраць уключэння Гаравога ў склад выбарчай камісіі.
Леанід Гаравы лічыць інфармацыю, прадстаўленую Н. Буруновай, ілжывай, абразлівай і не адпаведнай нормам беларускага заканадаўства. Так, па словах г-на Гаравога, шмат гадоў прымаючы ўдзел у выбарчых кампаніях рознага ўзроўню ў якасці кандыдата, назіральніка альбо члена ініцыятыўных группаў, ён неаднаразова на ўзроўні Цэнтрвыбаркама даказваў справядлівасць сваіх прэтэнзій да парушэнняў Выбарчага кодэкса.
"Я сапраўды прыцягваўся раней да адміністрацыйнай адказнасці, але згодна з дзеючым заканадаўствам, праз год пасля прызначэння адміністрацыйнага пакарання грамадзянін лічыцца не маючым спагнанняў. Так што, з красавіка 2007 года я не маю адміністрацыйных спагнанняў, такім чынам, чыноўніца прадаставіла ўдзельнікам паседжання загадзя ілжывую інфармацыю ", - растлумачыў Леанід.
Л. Гаравы патрабуе адмены рашэння сумеснага паседжання Гарадоцкага райвыканкама і прэзідыума Савета дэпутатаў, а таксама настойвае на тым, каб чыноўніца прынесла яму выбачэнні.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"