Раённыя выбарчыя камісіі сталіцы: у “лідэрах” усе тыя ж
Сярод 117 чалавек, увайшоўшых у склад дзевяці раённых выбарчых камісій Мінска, налічваецца толькі адзін прадстаўнік дэмакратычных сіл — Юрась Пальчэўскі, намеснік старшыні рады Кастрычніцкага раёна партыі БНФ, які трапіў у камісію Кастрычніцкага раёна.
Усяго ад апазіцыйных арганізацый у тэрытарыяльныя камісіі сталіцы было вылучана 24 чалавекі, з якіх трое ўвайшлі яшчэ ў склад Мінскай гарадской камісіі.
Як зазначыла удзельнік кампаніі па маніторынгу выбараў Валянціна Свяцкая, найбольш распаўсюджанымі арганізацыямі (увайшлі ва ўсе дзевяць камісій) сталі прадстаўнікі БРСМ, “Белай Русі”, Чырвонага крыжа, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Саюза жанчын,Фонда міра і КПБ. Гэта сем аб’яднанняў, якія атрымалі безумоўнае лідэрства ў складзе камісій. Наступнымі па колькасці ідуць члены ветэранскіх арганізацый і Саюза афіцэраў, якія апынуліся ў сямі раённых камісіях сталіцы.
- Калі выбары, як пра гэта вяшчаюць у СМІ, павінны быць дэмакратычнымі, то па складзе камісій цяжка казаць, што так і адбываецца, — зазначыла Валянціна Свяцкая. — Прадстаўнікі ад апазіцыі апынуліся ў такой меньшасці, што ні пра якую аб’ектыўнасць гаворкі няма. На выбарах у мясцовыя Саветы сапраўды адбылася генеральная рэпетыцыя з выбарчымі камісіямі, і цяперашні спектакль праходзіць па тым жа сцэнары.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”