Асамблея НДА рэзка асудзіла адмову беларускага ўраду выконваць рэкамэндацыі Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду ААН
У знак пратэста супраць ігнараваньня большасьці прынцыповых рэкамэндацыяў, адрасаваных краіне ў межах УПА па правах чалавека, Асамблея прыняла заяву.
“Дадзены дакумэнт будзе накіраваны беларускаму ўрады, структурам Эўрапейскага зьвязу, міжнародным арганізацыям і найбуйнейшым праваабарончым аб’яднаньням”, -- распавяла каардынатарка кампаніі “Стоп 193.1” Алёна Валынец.
Нагадаем, на 15 сэсіі Рады ААН былі зацьверджаныя вынікі ЎПА ў дачыненьні да Беларусі. Аднак самыя прынцыповыя і важныя рэкамэндацыі, зробленыя ў межах УПА, былі адкінутыя ўрадам Рэспублікі Беларусь як непрыймальныя. Так, у пункце 89 сваіх «Меркаваньняў» беларускі бок адмовіўся ад скасаваньня артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу, патлумачыўшы гэта тым, што арт. 193.1 скіраваны выключна на спыненьне дзейнасьці экстрэмісцкіх групаў. Асамблея НДА лічыць, што падобнае тлумачэньне “не адпавядае рэчаіснасьці і зьяўляецца відавочным скажэньнем сутнасьці артыкула”.
Падрыхтаваныя МЗС “Меркаваньні і адказы Рэспублікі Беларусь...”, у якіх не прымаюцца прынцыповыя рэкамэндацыі ААН, расцэньваюцца Асамблеяй НДА як дэманстратыўныя праявы нежаданьня “забясьпечыць выкананьне міжнародных дамоваў у галіне правоў чалавека, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь, ды спыніць парушэньне правоў чалавека ў краіне”.
У сувязі з гэтым, Асамблея патрабуе ад ураду Беларусі “прызнаць і выканаць рэкамэндацыі 98.28, 98.30, 98.31, 98.35 адрасаваныя Рэспубліцы Беларусь у межах Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду, у поўным аб’ёме і без выключэньняў”. Гаворка вядзецца пра забесьпячэньне кожнаму чалавеку свабоды асацыяцыі і выказваньня думак. У прыватнасьці, спрасьціць працэдуру рэгістрацыі, адмяніць арт. 193.1, дазволіць рэгістраваць апазыцыйныя партыі і няўрадавыя арганізацыі, гарантаваць права дзейнічаць грамадзкім арганізацыям, палітычным партыям, праваабарончым аб’яднаньням і прафсаюзам, не асьцерагаючыся рэпрэсіяў і ціску з боку ўладаў.
Асамблея НДА зьвяртаецца да міжнароднай супольнасьці з просьбай “уважліва сачыць за становішчам няўрадавых арганізацый ў Рэспубліцы Беларусь. А таксама настойваць на адмене артыкула 193.1 у шэрагу зь іншымі пытаньнямі захаваньня правоў чалавека ва ўсіх перамовах зь беларускімі ўладамі”.
Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў