Ініцыятыўная група Лукашэнкі ў Маладэчне была сфармавана прымусова
Нездарма ініцыятыўную групу А.Лукашэнкі ачоліў міністр адукацыі. На педагогаў падчас выбараў кладзецца павышаная нагрузка: большасць выбарчых участкаў знаходзіцца ў навучальных установах, настаўнікам даводзіцца працаваць у камісіях, агітаваць і збіраць подпісы. І не заўсёды яны гэта робяць па ўласным жаданні.
Маладэчанскіх настаўнікаў прымусова запісвалі ў ініцыятыўную групу кандыдата Лукашэнкі.
Па школах, як заўсёды, зверху была спушчана разнарадка, колькі настаўнікаў трэба вылучыць для збору подпісаў за патрэбнага кандыдата.
Па словах намесніцы дырэктара адной з маладэчанскіх школаў, сёлета гэта было як ніколі складана.
- Выбары зараз прыпадаюць на канец вучэбнай чвэрці. У школе гэта заўсёды вельмі напружаны час. Таму “грамадская нагрузка” для настаўніка будзе асабліва недарэчы.
Да таго ж настаўнік як ніхто адчувае грамадскія настроі. Таму некаторыя прызнаюцца, што ім сорамна будзе хадзіць па кватэрах вучняў і прасіць іх бацькоў падпісацца за Лукашэнку, - распавяла яна.
Амаль усіх, акрамя тых, хто займае нейкія пасады ў БРСМе, даводзілася доўга ўгаворваць.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”