Гомельшчына: «Калектыўны партрэт» каманды Кастусёва
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў – адзін з прэтэндэнтаў у кандыдаты ў Прэзідэнты Беларусі. Як выглядае «калектыўны партрэт» каманды, якая будзе збіраць подпісы за яго ў Гомельскай вобласці?
Гаворыць старшыня Жлобінскай раённай арганізацыі Партыі БНФ Станіслаў Сцяпкоў, які ў сваім раёне каардынаваў стварэнне будучай ініцыятыўнай групы:
– У нашым раёне ў групу, якая будзе збіраць подпісы за Рыгора Кастусёва, увайшлі 9 грамадзян. Усе яны з нашай партыі. У асноўным гэта людзі сярэдняга ўзросту, якія маюць жыццёвы і партыйны досвед.
С. Сцяпкоў дадаў таксама, што ўсе будучыя зборшчыкі подпісаў за Р. Кастусёва на Жлобіншчыне – мужчыны.
У суседнім Рагачоўскім раёне да ініцыятыўнай групы Р. Кастусёва далучыліся 2 грамадзян, таксама мужчыны.
Яшчэ адзін раён побач са Жлобінскім – Светлагорскі. Сябра Партыі БНФ Вадзім Болбас, які каардынаваў фарміраванне будучай ініцыятыўнай групы ў гэтым раёне, паведаміў, што тут у каманду ўвайшлі 8 грамадзян, у асноўным сябры партыі. Збольшага яны належаць да сярэдняга ўзросту, сярод іх 2 жанчыны.
Можна заўважыць, што ў адрозненне ад выбарчых камісій, у якіх заўсёды шмат жанчын, у каманд будучых кандыдатаў ў асноўным «мужчынскі твар». З чым гэта звязана? На думку палітычных актывістаў, з якімі давялося размаўляць пра гэта, выбарчыя камісіі беларуская ўлада фарміруе з «паслухмяных» людзей, і ўлады лічаць, што жанчыны для гэтага больш падыходзяць. Ініцыятыўныя групы, наадварот, у асноўным складаюцца з дабраахвотнікаў, якія дзейнічаюць найперш з ідэйных перакананняў. А сярод тых, хто цікавіцца палітыкай, традыцыйна пераважаюць мужчыны.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”