Падрыхтоўка да правядзеньня прэзідэнцкіх выбараў і збор подпісаў у рэгіёнах больш складаныя, чым у буйных гарадах
Пытаньні "Як ідзе збор подпісаў у рэгіёнах? З якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца сябры ініцыятыўных груп?" разглядала радыё Свабода:
У Верхнедзьвінску падчас папярэдніх выбарчых кампаній улады не перашкаджалі збору подпісаў. Таму на апошніх парламенцкіх выбарах паўтары тысячы подпісаў, паводле словаў Валянціны Лапіцкай, сабралі адным махам. На гэтых выбарах значна складаней, кажа сп. Лапіцкая: "Па-першае, была праведзеная праверка ўсіх сябраў ініцыятыўнай групы органамі ўнутраных спраў. Фактам таго, што на людзей ціснуць, можа стаць прыклад з нашай зборшчыцай подпісаў з вёскі Канчаны Таісай Барок, якая літаральна 3 студзеня ўладкавалася на працу і літаральна праз тыдзень была звольненая. Падстава – удзел у зборы подпісаў. Увогуле, сытуацыя ў Верхнедзьвінскім раёне няпростая. Настаўнікам, работнікам адукацыі, працаўнікам хлебазавода, раённага вузла электрасетак проста забаронена ставіць подпісы ў падтрымку іншых кандыдатаў, акрамя дзейнага прэзыдэнта. На жаль, улада скарыстоўвае свой адміністрацыйны рэсурс".
Шмат людзей у рэгіёнах увогуле ня ведаюць пра альтэрнатыўных кандыдатаў, бо гэтыя людзі не зьяўляліся ні на экранах беларускай тэлевізіі, ні на старонках газэт, акрамя недзяржаўных. "І таму на вёсцы людзі абсалютна мала валодаюць інфармацыяй. Верхнедзьвінск – гэта зона ня вельмі ўпэўненага прыёму тэлесыгналу, і таму, акрамя першага і другога каналу, людзі іншага не глядзяць. Беларускае радыё толькі слухаюць. Што тычыцца Мілінкевіча, грамадзкі сэктар нашага раёна ведае гэтага чалавека, і мы спрабавалі, наколькі гэта магчыма ў рамках закону, данесьці інфармацыю. Скажу шчыра, што яе мала. Пытаньняў людзі задаюць шмат, і мы разумеем, што не наша гэта справа – зараз агітаваць. Таму такая праблема ў рэгіёнах ёсьць. І гэта не праблема саміх людзей, а гэта праблема таго, як дзейнічае наша сёньняшняя ўлада па заціску інфармацыі аб альтэрнатыўных кандыдатах і ўвогуле пра тых цікавых, разумных людзей, якіх на Беларусі шмат," -- дадала яна.
Старшыня Магілеўскай абласной арганізацыі БНФ Рыгор Костусеў літаральна кожны дзень выяжджае ў рэгіёны. Яго вельмі ўразіла ня толькі тое, што ў вёсках часьцяком людзі ня ведаюць, хто такія Казулін, Мілінкевіч ці Фралоў, колькі наагул прэтэндэнтаў. Але вяскоўцы ня ведаюць нават, што ў сакавіку будуць прэзыдэнцкія выбары. З праблемамі сутыкаюцца ня толькі зборшчыкі подпісаў, але і тыя, хто паставіў свой подпіс ў падтрымку таго ці іншага кандыдата, сьцьвярджае Рыгор Костусеў: "У Бялыніцкім раёне пачаліся
"наезды" на зборшчыкаў подпісаў і нават на тых людзей, якія паставілі подпісы. У Вішоўскім сельскім Савеце старшыня пратрымала зборшчыкаў подпісаў чатыры гадзіны, не хацела завяраць. Потым вымушана была падпісаць, дзякуючы іх настойлівасьці, але пазначыла ўвесь сьпіс людзей, хто падпісаўся ( там было 73 чалавекі). І з яе вуснаў прагучала наступная інфармацыя: "з гэтага сьпісу чалавек 30 адмовяцца ад сваіх подпісаў". Яны разам з участковым пайшлі па тых людзях, што падпісаліся, давялі людзей да сьлёз, прымушалі адмаўляцца ад подпісаў за Мілінкевіча.
18 студзеня была затрыманая машына Віталя Васількова па ўказаньні старшыні Бялыніцкага райвыканкама Ільянава. Толькі за тое, што на шкле машыны паклееныя партрэты Мілінкевіча – ён зьяўляецца сябрам ініцыятыўнай групы – ня ў мэтах агітацыі, а ў мэтах тлумачэньня, хто такі Мілінкевіч, як ён выглядае. Некалькі гадзін Васількова пратрымалі ў міліцыі, вазілі да старшыні райвыканкаму ў кабінэт, і той пагражаў, што на Васількова будзе складзены пратакол і ён будзе аштрафаваны. Было даручана пракурору і начальніку міліцыі зь ім разабрацца. Але няма такога артыкула, за што яго пакараць, адпусьцілі. У Касьцюковічах на Папкова Ўладзімера Несьцеравіча быў "наезд": быццам бы ў яго пасьведчаньне падробленае. Таксама пратрымалі ў міліцыі некалькі гадзін, разабраліся і адпусьцілі. Былі наезды на зборшчыкаў подпісаў у Горках: на Каданчыка, выкладчыка сельгасакадэміі. Яго запрасілі па месцы працы і папярэдзілі: калі ты будзеш зьбіраць подпісы, будзеш звольнены з працы".