viasna on patreon

Пасол Швецыі: Крытэрыі БДІПЧ адносна прызнання выбараў простыя і ясныя

2010 2010-05-03T15:23:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/eryksanjpg.jpg
Стэфан Эрыксан

Стэфан Эрыксан

Ацэньваючы нядаўнія выбары ў мясцовыя саветы, аналітыкі і эксперты імкнуцца зазірнуць наперад і разважаюць, як пройдуць наступныя — прэзідэнцкія выбары па новым Выбарчым кодэксе. З паслом Швецыі Стэфанам Эрыксанам мы размаўлялі пра мясцовыя выбары і пра тое, як вынікі прэзідэнтскіх могуць паўплываць на адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

— Спадар Эрыксан, вы — адзін з самых пільных назіральнікаў. Вашу працу на выбарах 25 красавіка нават адзначыў прадстаўнік ЦВК Мікалай Лазавік. Якое ваша ўражанне ад галасавання? Чаму Захад зацікаўлены назіраць за выбарамі ў Беларусі: чым больш назіральнікаў, тым больш дэмакратычныя выбары?

— Па‑першае, хачу падкрэсліць, што магу выказацца толькі зыходзячы са сваіх уласных назіранняў. Як вы ведаеце, пасольства Вялікабрытаніі на правах мясцовага старшынства Еўрасаюза ў Мінску ужо зрабіла агульную заяву. Хачу яшчэ нагадаць, што дыпламаты ЕС і іншых краін, якія назіралі за выбарамі 25 красавіка, не з`яўляюцца паўнавартаснай місіяй маніторынгу кшталту БДІПЧ.

Думаю, што кожная краіна, дзе праводзяцца выбары, павінна быць зацікаўлена ў тым, каб у першую чаргу самі выбаршчыкі верылі ў тое, што вынікі галасавання сапраўды атрыманы ў ходзе справядлівага, дэмакратычнага і адкрытага выбарчага працэсу.

Канечне, ёсць таксама пэўная зацікаўленасць у тым, каб увесь астатні свет таксама паставіўся да вынікаў галасавання з даверам. Таму, відаць, ЦВК запрасіў замежных дыпламатаў прыняць удзел у назіранні за выбарамі.

Так, спадар Лазавік выказаў мне падзяку за тое, што я звяртаў увагу на магчымае парушэнне новага выбарчага заканадаўства. Для мяне было прынцыпова важна запытаць у старшыняў участковых камісій, ці будуць яны асобна абвяшчаць тры вынікі галасавання падчас падліку галасоў. Каб стала вядома, як размеркаваліся галасы паміж кандыдатамі па выніках датэрміновага галасавання, сярод тых, хто галасаваў па месцы жыхарства, а таксама на выбарчым участку непасрэдна ў дзень галасавання.

— Якія высновы можна зрабіць напярэдадні прэзідэнтскіх выбараў?Ці варта Захаду мяняць стратэгію? Якія выбары ў Беларусі будуць прызнаныя Захадам? І як вы лічыце — ці можа Беларусь іх забяспечыць? Што залежыць ад прызнання прэзідэнтскіх выбараў дэмакратычнымі: будучыня нашых стасункаў?

— Мяне усё ж суцяшае той факт, што ЦВК недвухсэнсава пацвердзіў: вынікі галасавання павінны абвяшчацца асобна. А калі яшчэ і ва ўчастковых камісіях будзе шырэй і аб`ектыўней прадстаўлена беларускае грамадства, дык ёсць шанец, што наступныя выбары пройдуць больш дэмакратычна.

Канечне, АБСЕ і іншым еўрапейскім структурам варта працянуць дыялог і супрацу з Беларуссю ў тым, што тычыцца прымянення і далейшага змянення выбарчага заканадаўства. Але, як я ўжо казаў, мабыць, яшчэ важней, каб беларускае грамадства, уключна з недзяржаўнымі арганізацыямі і палітычнымі партыямі, прыняло актыўны ўдзел у адкрытым абмеркаванні таго, якім чынам пры сённяшнім беларускім заканадаўстве выбары маглі б больш адпавядаць міжнародным і еўрапейскім стандартам.

Я не думаю, што Захад мае нейкую сваю стратэгію ў дачыненні менавіта прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Парадак дня перапоўнены шмат якімі іншымі эканамічнымі і палітычнымі пытаннямі. Так, не сакрэт, што Еўропа хацела б убачыць рух у бок дэмакратыі ва ўсіх краінах свету, і перш за усё — сярод сваіх суседзяў. А Беларусь, вядома, гістарычна і культурна з`яўляецца нашым блізкім партнёрам.

Толькі самі беларусы могуць зрабіць выбар на карысць дэмакратычнай будучыні сваёй краіны. У ЕС няма працэдуры прызнання выбараў у іншых краінах, мы цалкам абапіраемся на высновы АБСЕ і БДІПЧ.

На маю думку, крытэрыі БДІПЧ адносна прызнання выбараў дэмакратычнымі і справядлівымі даволі простыя і ясныя, так што не бачу перашкод, каб Беларусь пры жаданні выканала гэтыя патрабаванні.

Еўропа заўжды будзе мець стасункі з Беларуссю, але, вядома, любыя стасункі, у тым ліку эканамічныя і інвестыцыйныя, маглі б развівацца больш плённа і эфектыўна пры аднолькавым разуменні дэмакратычных каштоўнасцяў.

Інтэрвію цалкам

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства