viasna on patreon

У інтэрнэце зьявілася копія дакумента, які ў чарговы раз пацвердзіў ужываньне адміністратыўнага рэсурсу пад час падпісной кампаніі на дзяржаўныя СМІ

2006 2006-01-12T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гаворка ідзе пра ліст ад выканаўца абавязкаў начальніка вытворчасці "Мінская пошта" сп-ра Пугача, адрасаваны начальнікам паштовых аддзяленняў Мінска, з прадпісаннем працягнуць падпіску на газету Адміністрацыі прэзідэнта "Советская Белоруссия" да 10 студзеня "ў сувязі з тым, што не адноўленыя наклады да ўзроўню 01.01.2005 г.". Кожнаму паштоваму аддзяленню прадпісана таксама "дадаткова аформіць падпіску на газету "Советская Белоруссия" ў сярэднім на 50 асобнікаў". "У выпадку невыканання гэтага распараджэння газета "Советская Белоруссия" будзе накіроўвацца ў аддзяленне паштовай сувязі для поўнай рэалізацыі раздробна", - гаворыцца ў лісце, датаваным 4-м студзеня г.г.

У Менску працуе каля 150 аддзяленьняў сувязі, і дзесяць дзён пасьля новага году супрацоўнікі пошты намагаліся знайсьці дадатковых падпісчыкаў. У паштовым аддзяленьні Фрунзенскага раёну карэспандэнту радыё "Свабода" паведамілі, што стараліся выканаць план, хадзілі на завод і там падпісвалі.
У аддзяленьні Першамайскага раёну супрацоўнікі распавялі, што ім не ўдалося знайсьці дадатковых падпісчыкаў.

Усе супрацоўнікі “Менскай пошты”, а большасьць іх — жанчыны, якія маюць невялікі заробак, абураны тым, што іх прымушаюць распаўсюджваць “Советскую Белоруссию”. У аддзяленьні Савецкага раёну паведамілі: "Мы выпісалі за свой кошт 60 экзэмпляраў да свайго пляну. Цяпер яшчэ сказалі 50. Канечне, за кошт прэміі. Нам прэмію далі за падпіску, вось мы і выпісалі за свой кошт".

Паштарка лічыць, што гэта адбываецца з-за таго, што кіраўніцтва краіны ня ведае рэальнай сытуацыі: "Ціск з-за "Советской Белоруссии" жудасны. Мала таго, што нам у розьніцу дасылаюць "Советскую" і мы яе павінны на 100% рэалізаваць... Колькі разоў мы прасілі падпісацца на газэту! Нам кажуць: "Чаму вы прымушаеце мяне падпісвацца на "Советскую Белоруссию"? Я не хачу і ня буду". Вось такімі мэтадамі мы дабіваемся вялікіх накладаў".

Выканаўца абавязкаў кіраўніка “Менскай пошты” Валянціна Пугач не абвергла інфармацыю аб тым, што накіравала распараджэньне, але камэнтаваць яго адмовілася. Яе больш цікавіла тое, як службовая інструкцыя трапіла да журналістаў і хто з супрацоўнікаў пагадзіўся размаўляць з імі.

Андрэй Дынько, рэдактар недзяржаўнай газэты “Наша Ніва”, так пракамэнтаваў сытуацыю: "У краіне фармуецца попыт на сапраўды сумленнае слова, на інфармацыю. Калі паштарка Ірына са свайго 200-тысячнага заробку аддае 40 тысяч на напампоўваньне гэтай ідэалягічнай машыны прамыўкі мазгоў, то папросту… Захаваюцца ж гэтыя лісты ад яе начальства, а таксама справаздачы “Советской Белоруссии” ў адміністрацыю прэзыдэнта. Тады, калі цяпер адбудуцца перамены, каб кожныя 40 тысяч былі кампэнсаваныя гэтай Ірыне. А кампэнсаваць іх будуць канкрэтныя людзі, якія займаліся прамыўкай мазгоў. Толькі такім чынам мы зможам пазьбегнуць гэтай сытуацыі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства