viasna on patreon

Баранавічы: Толькі аднаго з дзесяці дэмакратаў зарэгістравалі кандыдатам

2010 2010-03-26T11:59:11+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/barterkamisija.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пасяджэнне Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў 25 сакавіка

Пасяджэнне Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў 25 сакавіка

У Баранавічах толькі адзін з 10-ці апазіцыйных прэтэндэнтаў быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты гарадскога Савета, а на 33-ох выбарчых акругах з 36-ці выбары будуць безальтэрнатыўнымі.

Увечары 25 сакавіка адбылося пасяджэнне Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. На гэтым пасяджэнні не было журналістаў ад дзяржаўнай газеты “Наш край”, а прадстаўнікам незалежнага выдання “Intex-press” было адмоўлена у прысутнасці па патрабаванні старшыні камісіі Юрыя Шасцярнёва, чым парушаны артыкул 13 Выбарчага кодэкса.

На пасяджэнне камісіі чамусьці традыцыйна прысутнічалі толькі кандыдаты ад апазіцыйных партый і грамадскіх арганізацый. У прадстаўленых дакументах 36-ці праўладных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў сябры гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі “не знайшлі” ніводнай памылкі, а ў апазіцыйных кандыдатаў – “мора памылак і недакладнасцяў”. Таму дзевяць з дзесяці прэтэндэнтаў ад дэмакратычных партый і арганізацый не былі зарэгістраваны ў якасці кандыдатаў ў дэпутаты мясцовых Саветаў.

Сярод сябраў партыі БХД камісія не зарэгістравала Аляксандра Кабяка, Галіну Ярашэвіч, Сяргея Забеньку і Алега Малашчанку. Таксама не былі зарэгістраваныя Анжэла Камбалава ад АГП, Віктар Мезяк ад партыі БНФ, Віктар Цяпін ад партыі “Справядлівы свет”. Гарадская камісія адмовіла ў рэгістрацыі актывісту Руху “За Свабоду” Рыгору Грыку і беспартыйным кандыдатам ад прадпрымальнікаў горада Мікалаю Чарнавусу і Дзмітрыю Аўгусту. Камісія зарэгістравала кандыдатам у дэпутаты Баранавіцкага гарадскога Савета толькі сябру партыі “Справядлівы свет”Аляксандра Галькевіча, які будзе балатавацца па гарадской выбарчай акрузе № 25.  

Падчас пасяджэння высветліліся і прычыны, па якіх не зарэгістравалі дэмакратычных кандыдатаў. Паводле версіі выбаркаму, прэтэндэнты з 15-20- гадовым досведам удзелу ў выбарах - Віктар Мезяк, Віктар Цяпін, Галіна Ярашэвіч, Анжэла Камбалава, Малашчанка Алег, Рыгор Грык, Дзмітрый Аўгуст - чамусьці “сваёй рукой” ставілі дату ў падпісных лістах. А ў Мікалая Чарнавуса, Аляксандра Кабяка і Сяргея Забенькі дэкларацыі аб даходах былі запоўнены “з памылкамі”.

Абсалютная большасць з незарэгістраваных апазіцыйных прэтэндэнтаў у трохдзённы тэрмін будуць аспрэчваць рашэнне Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ў абласной камісіі, а затым у судзе.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства