viasna on patreon

Кастусь Смолікаў патрабуе знайсьці вінаватых у зьнішчэньні “Пагоні”

2010 2010-03-19T10:35:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pagonia_vitebsk.jpg
Абвінавачаныя малявалі на будынках герб "Пагоня"

Абвінавачаныя малявалі на будынках герб "Пагоня"

Старшыня абласной суполкі Партыі БНФ зьвярнуўся ў пракуратуру зь лістом пра зьнішчэньне дзяржаўнай маёмасьці — унікальнага комплексу вітражоў у будынку віцебскага чыгуначнага вакзалу.

Гэты комплекс складаўся зь сямі вітражоў у вокнах другога паверху. У цэнтральным акне была выява «Пагоні», якая, дарэчы, летась стала галоўным элемэнтам герба Віцебскай вобласьці. У вокнах паабапал былі выявы гербаў шасьці абласных гарадоў Беларусі.

У лісьце да пракурора Чыгуначнага раёну Кастусь Смолікаў піша: «Падчас рэканструкцыі будынку чыгуначнага вакзалу станцыі Віцебск адказнымі асобамі Віцебскага аддзяленьня Беларускай чыгункі быў зьдзейсьнены адкрыты і нахабны ўчынак па варварскім зьнішчэньні дзяржаўнай маёмасьці. Вітражы ў вокнах другога паверха, якія зьяўляліся ўнікальнымі, былі разьбітыя і выкінутыя на сьметнік. Пры гэтым ні аўтар вітражоў, заслужаны мастак Вікенці Ральцэвіч, ні грамадзкасьць гораду не былі праінфармаваныя пра намеры кіраўніцтва. Між тым вітражы маглі б быць выстаўленыя ў іншым месцы і дэманстраваць усім гасьцям Віцебску і самім віцяблянам дасягненьні мастацкай культуры гораду. Прашу даць ацэнку дзеяньням службовых асобаў Віцебскага аддзяленьня Беларускай чыгункі».

Факт зьнішчэньня мастацкага твору выклікаў вялікую хвалю асуджэньня ў грамадзкіх і мастацкіх колах ня толькі ў Віцебску, але і па ўсёй краіне.

Будынак вакзалу рамантавалі і абнаўлялі за апошнія дзесяцігодзьдзі некалькі разоў. Вітражны ансамбаль з выявай «Пагоні» і надпісам «Беларусь» зьявіўся ў 1990-я гады. Цяпер замест вітражоў у вокнах будынку, узьведзенага ў 1946 годзе ў стылі «сталінскі ампір», ставяць рамы з зацемненым шклом.

Будынак вакзалу перажывае чарговую рэканструкцыю паводле плянаў старшыні Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца: ён загадаў рэканструяваць усю вуліцу Кірава, якая ідзе ад вакзалу ў цэнтар гораду. Рэканструкцыю вакзалу павінны скончыць да 1 ліпеня — да пачатку фэстывалю «Славянскі базар».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства