viasna on patreon

Дзярждэпартамэнт ЗША наконт правоў чалавека ў Беларусі

2010 2010-03-12T10:41:22+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gosdep-ssha.jpg

11 сакавіка дзярждэпартамэнт ЗША абнародаваў штогадовую справаздачу аб стане правоў чалавека ў сьвеце. Вельмі крытычныя ацэнкі ўтрымлівае разьдзел, прысьвечаны стану правоў чалавека ў Беларусі.

Прадстаўляючы гэты дакумэнт журналістам, дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан падкрэсьліла: "Гэтая справаздача зьяўляецца важным інструмэнтам для актывістаў, якія змагаюцца за правы чалавека ва ўсім сьвеце, для журналістаў і навукоўцаў, якія адсочваюць парушэньні правоў чалавека і паведамляюць пра тых, хто за іх змагаецца, і для ўрадаў, уключна з нашым уласным, у стратэгіі падтрымкі абароны правоў чалавека для большай колькасьці людзей у большай колькасьці краінаў".
Кіраўнічка зьнешнепалітычнага ведамства ЗША адзначыла трывожную тэндэнцыю, якая летась назіралася ў сьвеце: "Мы перажываем пэрыяд, калі ўсё больш урадаў уводзяць новыя і ўсё больш жорсткія абмежаваньні на дзейнасьць няўрадавых арганізацый, якія займаюцца абаронай правоў чалавека і падвышэньнем падсправаздачнасьці ўлады".
Гаворачы пра тое, як высновы справаздачы паўплываюць на фармаваньне палітыкі Злучаных Штатаў, Гілары Клінтан сказала: "Абнародаваная сёньня справаздача паказвае, дзе мы знаходзімся, які стан рэчаў. Яна забясьпечвае фактычную базу, на падставе якой Злучаныя Штаты будуць фармаваць сваю дыпляматычную, эканамічную і стратэгічную палітыку адносна іншых краінаў у бягучым годзе. Яна не вызначае гэтую палітыку, але забясьпечвае важнай інфармацыяй кожнага ва ўрадзе ЗША, які працуе над вызначэньнем гэтай палітыкі".
Ва ўступе да ўсёй справаздачы па стане правоў чалавека ў сьвеце адносна Беларусі адзначаецца, што “пасьля нешматлікіх пазытыўных крокаў, зробленых ўладамі ў 2008 годзе, адсутнасьць рэформаў на працягу 2009 году выклікала расчараваньне”
Прапануем вашай увазе прэамбулу беларускага разьдзелу зь невялікімі скарачэньнямі:
З моманту свайго абраньня прэзыдэнтам у 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка канцэнтраваў у сваіх руках уладу над усімі дзяржаўнымі ўстановамі і падрываў прынцып вяршэнства закону з дапамогай аўтарытарных сродкаў, маніпуляваньня выбарамі і адвольных дэкрэтаў. Апошнія прэзыдэнцкія выбары не былі свабоднымі і справядлівымі, парлямэнцкія выбары ў верасьні 2008 году не адпавядалі міжнародным стандартам. Хоць цывільныя ўлады ў цэлым эфэктыўна кантралююць сілы бясьпекі, прадстаўнікі гэтых сілаў працягвалі рабіць шматлікія парушэньні правоў чалавека.
Сытуацыя з правамі чалавека заставалася вельмі кепскай, паколькі ўлады працягвалі рабіць частыя сур'ёзныя парушэньні гэтых правоў. Права грамадзянаў на зьмену ўлады строга абмежаванае. Улады не расьсьледавалі ранейшыя палітычна матываваныя зьнікненьні людзей. Умовы ўтрыманьня ў турмах заставаліся на вельмі нізкім узроўні і працягвалася жорсткае абыходжаньне са зьняволенымі і затрыманымі. Адвольныя арышты, затрыманьні і пазбаўленьне волі грамадзян паводле палітычных матываў за крытыку службовых асобаў альбо за ўдзел у дэманстрацыях таксама працягваліся. Судовая сыстэма заставалася пазбаўленай незалежнасьці, вынікі судовых выракаў звычайна былі перадвызначаныя, многія судовыя пасяджэньні праходзілі за зачыненымі дзьвярыма.
Улады таксама абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду прэсы, слова, сходаў, асацыяцый і рэлігіі, і па-ранейшаму захоўваўся палітычна матываваны прызыў у войска лідэраў апазыцыйнай моладзі.
Улады канфіскоўвалі друкаваныя матэрыялы ў актывістаў грамадзянскай супольнасьці і абмяжоўвалі распаўсюд накладаў незалежных СМІ. Службы бясьпекі выкарыстоўвалі празьмерную сілу для разгону мірных дэманстрацыяў. Карупцыя працягвала заставацца праблемай. Няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі зазнавалі ціск, штрафы і судовы перасьлед.
Рэлігійныя дзеячы былі аштрафаваныя і дэпартаваныя за адпраўленьне службаў, таксама цэрквы працягвалі сутыкацца з перасьледам з боку ўладаў. Гандаль людзьмі заставаўся сур'ёзнай праблемай, хоць і быў дасягнуты некаторы прагрэс у барацьбе зь ім. Мела месца дыскрымінацыя ў дачыненьні да цыганоў, этнічных і сэксуальных меншасьцяў, а таксама супраць тых, хто карыстаецца беларускай мовы. Улады перасьледавалі незалежныя прафсаюзы і звальнялі іх сябраў, што ў значнай ступені адбівалася на здольнасьці працоўных ствараць і ўступаць у незалежныя прафсаюзы і арганізоўваць і весьці калектыўныя перамовы з працадаўцамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства