viasna on patreon

Чарговая адмова ў рэгістрацыі газеце «Химик. Два города»

2010 2010-03-02T12:10:39+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smi1.jpg

Як распавёў прэс-службе БАЖ заснавальнік выдання, сябра арганізацыі з Наваполацка Сяргей Балай, 1 сакавіка ён наведаў Мінінфармацыі і забраў загад аб адмове прыватнаму гандлёваму ўнітарнаму прадпрыемству «КейпСіці» ў рэгістрацыі — на той падставе, што рэдакцыйнае памяшканне нібыта не адпавядае патрабаванням заканадаўства. Загад падпісаў 25 лютага міністр Алег Праляскоўскі.

«Санэпідэмстанцыя прыходзіла да нас больш за месяц таму і зрабіла толькі адну заўвагу — што ў памяшканні няма вентыляцыі. Мы выправілі недахоп. А сёння ў Міністэрстве інфармацыі мне паказалі паперу з Віцебскага аблвыканкама, дзе напісана, што памяшканне нібыта не адпавядае ніякім нормам. Падстава абсалютна надуманая — акрамя нас, у гэтым будынку месцяцца яшчэ некалькі офісаў…», — падкрэслівае Сяргей Балай.

У першы раз выданню таксама адмовіў у рэгістрацыі міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі сваім загадам ад 11 снежня. Паводле Сяргея Балая, які на той момант збіраўся выступіць яшчэ і ў якасці галоўнага рэдактара, прычынай адмовы стала яго неадпаведнасць новым кваліфікацыйным патрабаванням, якія ў кастрычніку Мінінфармацыі дадало да сваёй пастановы «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі».

У другі раз афіцыйнай адмовы не было, але Сяргей Балай вымушаны быў забраць пададзеныя ў снежні дакументы на рэгістрацыю, а таксама ліст, які падпісала 22 студзеня першая намесніца міністра Лілія Ананіч. Паводле дакумента, тэматыка газеты «Химик. Два города» была ўказана як «агульнапалітычная (эканоміка, здароўе, спорт, экалогія, хатняя гаспадарка)». А між тым, паводле дзяржаўнага стандарту «Выданні. Асноўныя віды», агульнапалітычная газета — гэта «газета, якая сістэматычна асвятляе пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі краіны, а таксама міжнароднае жыццё», — даводзіла Л. Ананіч.

«Зыходзячы з дадзенага вызначэння, тэматыка „хатняя гаспадарка“ не ўваходзіць у спецыялізацыю агульнапалітычная газета, а ахопліваецца іншымі спецыялізацыямі», — гаварылася ў лісце намесніцы міністра.

Нягледзячы на тры няўдалыя спробы, сп. Балай зноў будзе падаваць дакументы на рэгістрацыю. «Хутчэй за ўсё, з’явяцца нейкія іншыя абставіны, якія не дазволяць нам зарэгістравацца. Супрацоўнікі міністэрства відавочна шукаюць падставаў, каб адмовіць, замест таго, каб кансультаваць нас і дапамагаць аформіць дакументы належным чынам. Але мы не хочам існаваць як самвыдат — у нас ёсць усе магчымасці, каб забяспечыць выхад паўнавартаснай прафесійнай газеты, і мы будзем змагацца за сваё права на існаванне», — кажа журналіст.

Недзяржаўная газета «Химик», якую таксама ў свой час рэдагаваў Сяргей Балай, спыніла выхад у 2006 годзе з эканамічных прычын, абумоўленых праблемамі з распаўсаюдам. Па словах журналіста, зараз у Полацку і Наваполацку з друкаваных СМІ засталіся «Новая газета» (заснавальнік — Наваполацкі гарвыканкам), «Полацкі веснік» (заснавальнікі — Полацкі гарвыканкам, райвыканкам і мясцовыя Саветы дэпутатаў), а таксама інфармацыйна-забаўлельная газета мясцовай тэлекампаніі «Квант» — «Информ-плюс».

Нагадаем, што з восені грамадска-палітычныя выданні пачалі сутыкацца з цяжкасцямі пры рэгістрацыі. У кастрычніку Міністэрства інфармацыі змяніла сваю ж пастанову аб рэгістрацыі, увёўшы некалькі дадатковых пунктаў — напрыклад, пра вышэйшую адукацыю і кіраўнічы стаж галоўнага рэдактара і г.д.

Такім чынам, адмовы ў рэгістрацыі (альбо вяртанне дакументаў на рэгістрацыю) на гэты момант маюць (па звестках БАЖ) як мінімум 8 выданняў: «Наш дом» (Віцебск), «Магілёўскі час» (Магілёў), «Солигорск плюс» (Салігорск, Мінская вобл.), «Новая газета Бобруйска» (Бабруйск, Магілёўская вобласць), «Мар’інагорская» (Мар’іна Горка, Мінская вобл.), «Прэфект плюс» (Глыбокае, Віцебская вобласць), «Химик. Два города» (Наваполацк) і яшчэ 1 выданне, заснавальнікі якога не пажадалі пакуль быць згаданымі ў прэсе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства