Гомельшчына: Дэмакратычныя прэтэндэнты ў акругах не супернічаюць
Светлагорскі раён
У Светлагорскім раёне зарэгістраваны тры ініцыятыўныя групы, якія збіраюць подпісы за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты прадстаўнікоў дэмакратычных партый. Усе тры прэтэндэнты вылучаюцца ў раённы Савет дэпутатаў у выбарчых акругах г. Светлагорска.
Двое з прэтэндэнтаў у кандыдаты прадстаўляюць Партыю БНФ. Віктар Ахрамчук вылучаецца ў дэпутаты па Бярэзінскай выбарчай акрузе № 15, што знаходзіцца ў мікрараёне “Бярэзіна”. Цэнтрам гэтай акругі з’яўляецца мясцовая сярэдняя школа № 12. Сяргей Шавяленка мае ініцыятыўную групу ў Свярдлоўскай акрузе № 24 на тэрыторыі мікрараёна Маладзёжны, цэнтр акругі размешчаны ў школе № 8.
Таццяна Наскова, якая ўваходзіць у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, з’яўляецца прэтэндэнтам у кандыдаты па Скарынаўскай акрузе № 21, таксама ў Маладзёжным мікрараёне. Гэта акруга мае свой цэнтр у школе № 11.
Як паведаміла Святлана Міхальчанка, мясцовы актывіст партыі “Справядлівы свет”, іншых прэтэндэнтаў на вылучэнне шляхам збору подпісаў, акрамя трох зарэгістраваных, ад апазіцыйных партый у раёне не было. На яе думку, гэта тлумачыцца невялікім значэннем мясцовых Саветаў, а таксама адсутнасцю “празрыстасці” пры падліку галасоў.
Жлобінскі раён
У Жлобінскім раёне зарэгістраваны ўсе 13 ініцыятыўных групаў, якія падавалі заявы на вылучэнне дэмакратычных кандыдатаў ў мясцовыя Саветы шляхам збору подпісаў. Пра гэта паведаміў кіраўнік Жлобінскай раённай арганізацыі партыі “Справядлівы свет” Валерый Рыбчанка.
9 ініцыятыўных групаў збіраюць подпісы грамадзянаў за вылучэнне дэмакратычных прадстаўнікоў у раённы Савет. Сямёра з гэтых прэтэндэнтаў прадстаўляюць партыю левых “Справядлівы свет”. Яшчэ дзве ініцыятыўныя групы вылучаюць у кандыдаты прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
У Гомельскі абласны савет прадстаўнікоў апазіцыйных партый вылучаюць 4 ініцыятыўныя групы. Тут па двое прадстаўнікоў ад “Справядлівага свету” і АГП. Валерый Рыбчанка ўдакладніў, што ўсе дэмакратычныя прэтэндэнты вылучаюцца ў розных выбарчых акругах і не супернічаюць паміж сабой.
Нагадаем, што рэгістрацыя ініцыятыўных групаў завяршылася 23 лютага. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты вядзецца да 15 сакавіка. Для рэгістрацыі кандыдата ў раённы Савет неабходна сабраць не меней за 75 подпісаў, у абласны Савет – не меней за 150 подпісаў (на тэрыторыі акругі, дзе вылучаецца кандыдат). У гэты ж перыяд будзе праводзіцца і вылучэнне кандыдатаў іншымі спосабамі – ад палітычных партый і працоўных калектываў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”